Аб’яўлены прыём заявак на Рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча

10

Пра гэта паведамілі арганізатары конкурсу.

Да 15 кастрычніка самадзейныя творчыя калектывы і асобныя аўтары могуць прыслаць свае работы ў адрас арганізатараў. Узроставых абмежаванняў для ўдзельнікаў конкурсу няма, перадае БЕЛТА.

Аўтары могуць прадставіць фільмы ў наступных намінацыях: “Гульнявы фільм”, “Дакументальны фільм”, “Анімацыйны фільм”, “Музычны кліп”, “Сацыяльны кліп (ролік)”, “Рэкламны кліп (ролік)”, “Тэматычная тэлевізійная праграма”, “Эсэ”. Яшчэ адна намінацыя – тэматычная. Штогод тэма намінацыі выбіраецца з улікам юбілейных і знамянальных дат. У гэтым годзе яна гучыць “Ад Полацка пачаўся свет…”.

Журы конкурсу да 30 лістапада ацэніць фільмы, дапушчаныя да ўдзелу работы будуць паказаны ў эфіры “Тэлепраграмы “Скіф-Полацк”, пройдзе галасаванне тэлегледачоў.

Вынікі падвядуць 17 снежня, заслужаныя ўзнагароды атрымаюць пераможцы і лаўрэаты конкурсу.

Праграма конкурсу прадугледжвае майстар-класы спецыялістаў Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Конкурс “Я здымаю кіно” накіраваны на садзейнічанне папулярызацыі самадзейнага кінавідэамастацтва, выяўленне новых талентаў і творчых асоб. Арганізатары конкурсу – Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі аблвыканкам, Полацкі райвыканкам, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”.

Ураджэнец Полацка Юрый Віктаравіч Тарыч (сапраўднае прозвішча Аляксееў, 1885-1967) – вядомы савецкі кінарэжысёр і сцэнарыст, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР. З яго імем звязана нараджэнне і станаўленне беларускай кінематаграфіі, фарміраванне ідэйна-мастацкіх прынцыпаў развіцця кінамастацтва.-

Поделиться ссылкой: