8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы. Перамога пад Оршай

35

Сведка тых падзей апісаў вынікі сакрушальнага паражэння маскоўцаў: “На полі былі відаць целы забітых, з выцеклай на зямлю крывёю, безгаловыя, бязрукія і бязногія, а ў некаторых галава была
раструшчана молатам або рассечана напалам, у каго аголены хрыбетнік, у каго выпалі кішкі, у каго адсечана ад цела плячо з рукой, у каго разбіты мячом твар або рот, хто разрэзаны ад галавы да пупа, у кім тырчала дзіда, хто стагнаў, хто канаў, хто раздушаны коньмі, хто завалены велізарнымі конскімі тушамі”.

8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы. Перамога пад Оршай
Выява. Войны 1487-1537 гадоў з Маскоўскім княствам

Напярэдадні

Чатыры стагоддзі да бітвы пад Оршай Маскоўскае княства праводзіла
актыўную знешнюю палітыку, вынікам якой стаў рост тэрыторыі за кошт
далучэння Цвярскога княства, Вяцкай зямлі, шэрагу ўладанняў Вялікага
княства Літоўскага, і, нарэшце, Наўгародскай рэспублікі. Да таго ж маскоўскі
ўладар умацоўваў сваё адзінаўладдзе ва ўмовах адсутнасці іншых моцных
прэтэндэнтаў на ўладу. Сімвалам умацавання колішняга невялікага
ўдзельнага княства, якое вырасла ў магутную дзяржаву стала прыняцце ім у
1497 годзе ў якасці герба візантыйскага двухгаловага арла. Маскоўцы, якія
стварылі саюз з татарамі, рабаваўшымі паўднёвыя землі Княства, ўвесь час
пачыналі першымі ваенныя кампаніі супраць Вялікага княства Літоўскага. У
1512 годзе маскоўскія войскі чарговы раз рушылі на захад, нягледзячы на
заключаны “вечны мір”. Пагроза для Вялікага княства Літоўскага і Кароны
Польскай была як ніколі моцнай, паколькі да саюза з Маскоўскім княствам,
акрамя татараў, далучылася Свяшчэнная Рымская імперыя. У такіх умовах 30
ліпеня 1514 года пасля аблогі быў захоплены Смаленск і маскоўскі ўладар
Васіль ІІІ уступіў у горад. Вялізнае войска, якое здолела авалодаць
Мсціслаўлем, Крычавым, Прапойскам, узяло ў аблогу Оршу, затым
падзялілася на шматлікія атрады (“загоны”) і занялося рабаваннем тэрыторыі
Беларусі, даходзячы ажно да ваколіц Мінска і Барысава.
У той жа час вялікі князь Жыгімонт І імкнуўся сабраць паспалітае
рушэнне, абвешчанае яшчэ 24 мая 1514 года. Але толькі напрыканцы жніўня
яно рушыла ў накірунку ворага пад камандаваннем Канстанціна Астрожскага
і Януша Свярчкоўскага.

8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы. Перамога пад Оршай
Выява Канстанцін Астрожскі, гетман Вялікага княства Літоўскага

Першыя сутычкі

Не атрымаўшы першапачаткова абяцаны Васілём ІІІ Смаленск, на бок
свайго былога гаспадара Жыгімонта І паспрабаваў перайсці здраднік Міхаіл
Глінскі. Па дарозе ён быў схоплены, але да таго паспеў перадаць дакладныя
звесткі пра колькасць і размяшчэнне маскоўскіх атрадаў. У такіх умовах
маскоўцы вырашылі пачаць збор занятых рабаўніцтвам атрадаў і заняць
абарону на дняпроўскім рубяжы, абапіраючыся на Смаленск і Дарагабуж.
Два атрады лазутчыкаў у 600 і 1300 коннікаў былі пакінутыя на
правабярэжжы Дняпра і сталі на рэках Бобры і Дрові, каб мець магчымасць
атакаваць з тылу. Разумеючы гэта, Астрожкі ў першую чаргу накіраваў свой
удар на іх, здолеў разбіць і нават захапіць кіраўнікоў гэтых выведвальных
атрадаў. Затым войска Вялікага княства Літоўскага падышло да Дняпра.

Маскоўскі ўладар загадаў не дапусціць пераходу войск ВКЛ на левы
бераг ракі, у сувязі з чым быў заняты адзіны брод. У гэтых абставінах гетман
Астрожскі праявіў хітрасць: ён загадаў паказаць, што яго воі збіраюцца
пераправіцца ў адным месцы, у той час як рабіў гэта ў іншым, дзе пры
дапамозе плытоў і лодак быў наведзены пантонны мост, па якім прайшла
пяхота і артылерыя. Конніца з самастойна пераадолела раку.

8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы. Перамога пад Оршай
Выява. Аршанская бітва

“Пачакаем, пакуль пераправіцца ўсё войска”

Сігізмунд Гербенштэйн са Свяшчэннай Рымскай імперыі так апісаў
момант, калі камандуючаму маскоўскім войскамі Івану Чалядніну данеслі,
што частка войскаў Астрожскага ўжо паспела пераадолець Днепр:
“Пачакаем, пакуль пераправіцца ўсё войска, бо нашы сілы настолькі вялікія,
што, без сумнення, мы без асаблівых намаганняў зможам або разбіць гэтае
войска, або акружыць яго і гнаць як быдла, да самай Масквы. Урэшце нам не
застанецца нічога іншага, як заняць усю Літву”. Ён меў рацыю паколькі пад
яго камандаваннем сабралося, па дадзеных папскага легата Якуба Пізона,
каля 70 тысяч воінаў. Ім жа супрацьстаяла, узмоцненае наймітамі і атрадамі з
Кароны Польскай, 30 тысячнае войска Вялікага княства Літоўскага. Таму тры
гадзіны маскоўцы проста бяздзейнічалі, у той час як войскі Астрожскага ўжо
паспелі выстраіць баявыя шэрагі.

“Слава Воршы ўжо не горша”

Было 8 верасня, дзень Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Бітва распачалася атакай палка правай рукі М.І. Булгакава-Голіцы, які
дзейнічаў па ўласнай ініцыятыве, без узгаднення з Чалядніным. Такія
паводзіны сталі вынікам спрэчак з-за канфлікта аб тым, хто павінен
камандаваць у генеральнай бітве. Булкак-Голіца намагаўся атакаваць фланг,
пасля чаго зайсці ў тыл войскам ВКЛ. Пасля граду стрэлаў у атаку пайшло
маскоўскае войска, якое ў якасці ахвяры выбрала палякаў, што знаходзіліся ў
войску Астрожскага. Тыя ж пасля двух няўдалых кантратак, нарэшце здолелі
адбіць праціўніка і адкінуць яго. І гэта ў той час, як большая частка
маскоўскага войска проста бяздзейнічала утой час як большая частка іх
войска проста бяздзейнічала.

8 верасня – Дзень беларускай вайсковай славы. Перамога пад Оршай
Бітва пад Оршай. Карціна 1520-1530-х гадоў невядомага мастака

Палічыўшы, што ўрок Булгакаву-Голіцы нададзены, Іван Чаляднін увёў
у бой свае асноўныя сілы. Яго перадавы полк атакаваў цэнтр, дзе стаяла
наёмная пяхота, прыкрытая вялізнымі прамакутнымі шчытамі. Полк левай
рукі на чале з Іванам Пронскім атакаваў паспалітае рушэнне Вялікага княства
Літоўскага. “Нарэшце бой разгарэўся з найбольшай сілай. Літвіны, наўмысна
адступіўшы да таго месца, дзе ў іх былі схаваныя гарматы, ужылі іх супраць
насядаўшых маскавітаў і нанеслі паразу іх заднім шэрагам”. Астрожскі
загаддзя загадаў выцягнуць варожыя войскі пад агонь прыхаванай у
зарасніку артылерыі за кошт наўмыснага адступлення ў цэнтры. У выніку
абстрэлу артылерыі адным з першым быў забіты ваявода перадавога палка
князь Іван Цемка-Растоўскі, а маскоўская конніца пачала адступаць:
“Тылавыя атрады, спалохаўшыся і мяркуючы, што першыя рады ўжо разбіты,
пачалі ўцякаць. Літвіны, развярнуўшыся, усёй моцай рушылі на іх, гналі і
забівалі. Толькі ноч і лясы паклалі канец гэтаму забіццю”. Адступленне
ператварылася ва ўцёкі, а затым і вынішчэнне пад час якога шматлікія
маскоўскія воіны патанулі ў рацэ Крапіўне ды “ў такой колькасці, што
запрудзілі цячэнне ракі”.

Паводле Пізона, з 70 тысяч маскоўцаў было забіта 40 тысяч, толькі
чатыры тысячы патрапілі ў палон. У тым ліку Іван Чаляднін, які памёр праз
некалькі гадоў у зняволенні, і Булгакаў-Голіца, які правёў у палоне 38 гадоў,
стаўшы напрыканцы жыцця манахам Троіца-Сергіевай лаўры.

Вестка пра перамогу абляцела ўсю Еўропу. У яе выніку Свяшчэнная
Рымская імперыя адмовілася ад саюзу з Масковіяй. Вобраз бітвы пад Оршай
застаўся і ў народнай памяці, аб чым сведчаць словы беларускай песні:

“Слава Воршы ўжо ня горша,
Слаўся, пан Астрожскі!”

Поделиться ссылкой: