Прычына – шматразовыя допінгавыя парушэнні на Алімпійскіх гульнях, паведамляе insidethegames.biz.

Камісія з трох асобаў, створаная для ўнясення прапановы ў Выканаўчы камітэт Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF) наконт таго, як змагацца з камандамі дзевяці краінаў, якія мелі ад трох да дзесяці станоўчых вынікаў пры паўторным тэставанні на допінг у Пекіне ў 2008-м і ў Лондане ў 2012-м, збярэцца ў выходныя ў Будапэшце, перадае Белсат.

Справаздача камісіі будзе прадстаўленая на паседжанні Выканаўчага камітэту Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі ў Бухарэсце 30 верасня і 1 кастрычніка.Першапачатковае рашэнне аб ужыванні санкцый супраць камандаў з трыма і больш станоўчымі пробамі было прынята IWF на сустрэчы ў Тбілісі 15 месяцаў назад, аднак рэалізацыя гэтага рашэння адцягвалася з-за падачы апеляцый і пад уздзеяннем юрыдычных аргументаў.

Арбітражны суд па спорце (CAS) на минулым тыдні заявіў, што дзве апошнія апеляцыі, пададзеныя кітайцамі, якія ўзялі золата на Гульнях у Пекіне ў 2008-м, пацярпелі няўдачу, як і ўсе папярэднія звароты асобных спартоўцаў альбо нацыянальных федэрацыяў.

CAS заклікаў IWF адхіліць зборныя 9 краінаў – Расеі, Казахстану, Арменіі, Азербайджану, Беларусі, Малдовы, Украіны, Турцыі і Кітаю, але адзначыў, што да кожнага выпадку варта ўжываць індывідуальны падыход, паколькі некаторыя каманды маюць толькі па 3 станоўчых допінг-тэсты, у той час як у Расеі і Казахстану – па 10.

Чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы-2017 пройдзе ў канцы лістапада – пачатку снежня ў Анагайме (ЗША).