«Адназначна негатыўна ацэньваю спробу арганізатараў выступу далучыцца да мерапрыемстваў стагоддзя аднаўлення дзяржавы. Звяртаю ўвагу, што гэты выступ ніяк не звязаны з праграмай стагоддзя аднаўлення Літоўскай дзяржавы, больш за тое, не атрымлівае ніякага фінансавання ад Міністэрства культуры. Па маім асабістым меркаванні, з улікам намаганняў нашых усходніх суседзяў выкарыстоўваць культуру і мастацтва як інструменты «мяккай сілы», арганізацыю такіх мерапрыемстваў проста перад днём незалежнасці Літвы трэба разглядаць як правакацыю«, — заявіла міністр культуры суседняй краіны Ліяна Руакітэ-Ёнсан.

Начальнік аддзела сувязяў з грамадскасцю Беларускага тэатра оперы і балета Таццяна Аляксандрава так пракаментавала сітуацыю наконт выказванняў літоўскай чыноўніцы:

«Я цалкам згодна з выказваннем нашай амбасады ў Літве: як ў час перагавораў, дык гэта называецца нашай «агульнай гісторыяй і культурнай спадчынай», а насамрэч беларуская пастаноўка на гэту тэму для іх ужо «правакацыя». І ў дачыненні да канкрэтнага твора такія вось крокі? Я памятаю, чатыры гады таму на прэм’еры гэтага балета была падобная ж рэакцыя. Прайшло чатыры гады і рэакцыя не змянілася«.

Еўрарадыё паразмаўляла з адным са стваральнікаў балета «Вітаўт» наконт агульнай беларуска-літоўскай гісторыі і прэтэнзіі літоўскіх уладаў да балета:

«Такая ж гісторыя была яшчэ 4 гады таму на прэм’еры. Прыязджаў прадстаўнік літоўскага парламента, паглядзелі гэты балет і потым мы вельмі міла паразмаўлялі, — кажа кампазітар Вячаслаў Кузняцоў, які напісаў музыку для балета «Вітаўт». — Там няма палітыкі, няма якіх-небудзь выпадаў у бок Літвы, там любоўная лінія, лінія жарсці — гэта балет. Яны тады яшчэ зразумелі, што няма да чаго прычапіцца. Ды і што дзяліць? Гэта ж наша агульная гісторыя. А цяпер, мабыць, новыя міністры і нейкая новая хваля«.

Міністр культуры Літвы Ліяна Руакітэ-Ёнсан заняла гэту пасаду толькі ў снежні 2016 года і, відаць, прапусціла папярэдні скандал вакол балета «Вітаўт» і яго вырашэнне.

І сапраўды, у 2013 годзе, калі адбылася прэм’ера балета «Вітаўт», літоўскае выданне Lietuvos rytas абвінаваціла беларусаў, што яны жадаюць забраць сабе гісторыю Літвы. У гэтым артыкуле літоўскія гісторыкі звяртаюць увагу, што беларусы ўжо даўно апантаныя так званым «беларускім літвінізмам», як мінімум з 1989 года. Цяпер жа, лічаць яны, усё больш відавочным становіцца яго адабрэнне з боку ўладаў. Гісторык Альфрэдас Бумблаўскас адзначае: “Ідэі, што ВКЛ — гэта заслуга беларусаў, прытрымліваецца большасць гісторыкаў у Беларусі, хоць гэта і складана абгрунтаваць з навуковага пункту гледжання”.

Раніцай выказванне міністра культуры пракаментавала пасольства Беларусі ў Літве на сваёй афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку, гэты ж каментар апублікаваў і афіцыйны твітар МЗС нашай краіны:

Посольство Беларуси в Литве

На переговорах ВКЛ и Витовт — это «общее культурное наследие», а на деле белорусская постановка на эту тему, оказывается, «провокация».

Поистине, у местной моды на абсурд нет пределов…

„Derybų metu, LDK ir Vytautas – tai yra „bendras kultūrinis paveldas“, bet iš tikrųjų, baltarusiškas pastatymas (baletas) šia tema, pasirodo „provokacija“. Išties, vietinėje madoje absurdas neturi ribų…“ Liana Ruokytė-Jonsson

У балеце распавядаецца гісторыя пра вялікага князя Вітаўта, яго жонку Ганну, якая аддала перавагу яму, а не яго стрыечнаму брату Ягайлу, пра крыўду Ягайлы з-за гэтага, пра яго жонку Ядвігу і супрацьстаянне Вітаўта і Ягайлы за ўладу. Сюжэт, паводле слоў стваральнікаў, «не прэтэндуе на абсалютную пэўнасць» і хутчэй «аўтарскае бачанне таго часу». У балеце разглядаюцца тэмы кахання і здрады, дзе Ягайла і Вітаўт намаляваныя як праціўнікі, хоць і ўмелі «шукаць кампрамісы». У балеце ёсць гістарычныя паралелі, напрыклад, забойства Кейстута яго пляменнікам Ягайлам, вяселле Ягайлы з польскай прынцэсай Ядвігай і супрацьстаянне розных галін літоўскіх князёў за ўладу.