Падставай для гэтага стала адмова Яўгена Пісарэвіча выклікаць Алегу
Волчаку “хуткую дапамогу” падчас суда над ім, які адбыўся ў ліпені. Тады
Волчака судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – “Маршы
недармаедаў”. Падчас судовага разбіральніцтва Волчаку зрабілася дрэнна
прама ў судзе.

У каментарыі для сайта “Народнай Волі” Алег Волчак распавёў:

– Адразу пасля таго, як я адчуў сябе дрэнна, было заяўлена хадайніцтва
аб тым, каб суддзя выклікаў у суд дактароў, – гаворыць Волчак. – Суддзя
адмовіўся гэта зрабіць, патрабаваўшы даказаць, што мне кепска. На заўвагу
майго адваката Аляксандра Галіева, што чалавек не павінен даказваць, што
яму дрэнна, дастаткова проста патрабавання, рэакцыі таксама не было.

Тады на свае страх і рызыку “хуткую” прама з залы суда выклікаў адзін
з прысутных на працэсе – Андрэй Бандарэнка. Прыехаўшы, урачы
канстатавалі ў мяне гіпертанічны крыз і адвезлі ў Бальніцу хуткай дапамогі,
дзе мяне пратрымалі да вечара.

Паколькі я па стане здароўя ў той жа дзень не мог абскардзіць
бесчалавечнае рашэнне Яўгена Пісарэвіча, гэта зрабіў былы суддзя
Канстытуцыйнага суда краіны Міхаіл Пастухоў. Ягоная скарга трапіла на
разгляд у Вярхоўны суд Беларусі. Намеснік старшыні Вярхоўнага суда
Аніскевіч вынес свой вердыкт: усё законна, ніякіх парушэнняў у дзеяннях
суддзі Пісарэвіча няма.

Але я лічу, што ёсць. Суддзі ў нашай краіне павінны працаваць згодна з
Кодэксам судзейскай этыкі. Там прапісана, што людзі ў мантыях у межах
сваёй кампетэнцыі павінны не дапускаць і прадухіляць сітуацыі, якія
пагражаюць здароўю тых, хто ўдзельнічае ў судовым працэсе. Як мы бачым,
гэтага ў маім выпадку зроблена не было. І такое стаўленне з боку суддзі
Пісарэвіча можна расцэньваць як катаванні. Зрэшты, я і лічу, што ў судовым
працэсе да мяне прымяняліся катаванні.

Зараз мы разам з Міхаілам Пастуховым падалі скаргу ў суд Ленінскага
раёна Мінска, бо катэгарычна не згодны з рашэннем, якое ў дачыненні да
Яўгена Пісарэвіча вынес Вярхоўны суд.

– Ці ёсць у вас спадзяванні, што гэтая справа дойдзе да суда і будзе
аб’ектыўна разгледжана?

– І я, і Міхаіл Іванавіч Пастухоў не настолькі наіўныя людзі. Мы
стварылі прэцэдэнт, калі ў краіне абскарджваецца рашэнне Вярхоўнага суда
наконт прыцягнення да адказнасці суддзі. Што будзе далей – пакуль
прагназаваць цяжка. Чыста з чалавечага пункту гледжання суддзя Пісарэвіч
паступіў дрэнна. Гэта як прайсці на вуліцы міма чалавека, які просіць
дапамогі. З юрыдычнага пункту гледжання рашэнне аб адмове выклікаць
медыкаў у суд таксама спрэчнае. І хоць Вярхоўны суд не знайшоў у дзеяннях
Пісарэвіча нічога супрацьзаконнага, я буду спрабаваць адстаяць свае правы.
Калі ёсць хоць адна тысячная працэнта верагоднасці справядлівага рашэння –
яе трэба выкарыстаць.