Уладзімір НЯКЛЯЕЎ: “Гэта даўняя хвароба беларускай апазіцыі…”

3

“Народная Воля” пацікавілася ў палітыкаў, хто будзе несці адказнасць у выпадку, калі ўлада пойдзе на жорсткі разгон акцыі і тыя, хто прыйшоў, будуць збіты спецназам альбо атрымаюць штрафы ці арышт за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

– А адкуль хто ведае, будзе разгон альбо не? – пытаннем на пытанне адказвае паэт і грамадзянін Уладзімір Някляеў. – На жаль, сітуацыя ў краіне такая, што ўсе асцерагаюцца, каб горай не было, але забываюцца, што на сённяшні дзень многім так кепска, што горай быць ужо не можа! Мы жывём у дзяржаве, у якой над усімі намі татальны кантроль, грамадскія інстытуты не працуюць, усе гавораць пра рэформы, але нічога насамрэч не робіцца. І клікаць людзей на плошчу – гэта прыцягваць увагу да таго, што адбываецца.

Расійска-беларускія вайсковыя вучэнні небяспечныя не таму, што ў выніку, як прагназуюць некаторыя, Расія захопіць Беларусь. Гэтыя вучэнні небяспечны сваімі наступствамі. Яны больш глыбока ўцягваюць нашу краіну ў ваенна-палітычны блок. Гэта азначае, што ў бліжэйшай будучыні можа спыніцца той кволы дыялог, які ідзе сёння паміж Еўрасаюзам і сённяшнім беларускім рэжымам. Значыць, па-ранейшаму не будзе ніякіх інвестыцый ні ў эканоміку, ні ў гуманітарную сферу, што мы ніколі не паставім на новыя тэхналагічныя рэйкі нашу прамысловасць і назаўсёды застанёмся ўскраінай Расіі. І я не разумею людзей, якія бачаць, што адбываецца навокал, і пры гэтым задаюць такія пытанні: а навошта яны ідуць на плошчу, нічога ж немагчыма зрабіць, толькі падставяцца! Ну сядзіце сабе ў хаце і задавайцеся такімі пытаннямі! У нас апошнім часам хапае такіх змагароў, якія задаюцца стратэгічнымі пытаннямі і не высоўваюць нос з хаты…

– Вы падкрэсліваеце, што гэта не вайсковая прысяга, а заклік да патрыётаў даць клятву на вернасць сваёй радзіме.

– Так, гэта не вайсковая прысяга, і не трэба яе даваць ні генералу, ні адміралу. Гэта прысяга Айчыне. Прысяга цывільных людзей, патрыётаў Беларусі. І што тут каму ўяўляецца незвычайным – я проста не разумею. Гэта тое самае, калі я кахаю жанчыну і не адзін раз ёй скажу, што буду верны ўсё жыццё, а пяць раз на дзень буду паўтараць гэта. І не толькі ў хаце, але і на плошчы. І гэта нармалёва! Можна яшчэ залезці на дах самага высокага будынка і адтуль закідваць ружамі каханую і крычаць: я буду верны табе ўсё жыццё!..

Што незвычайнага ў тым, што я і іншыя хочуць выйсці на плошчу і сказаць словы любові і вернасці сваёй Айчыне?

– Ужо некалькі тыдняў вядома пра заклік прыйсці на агульнанацыянальную прысягу. Цікава, хто з апазіцыйных палітыкаў вас падтрымаў?

– Нягледзячы на тое, што ў нас быццам бы канструктыўная апазіцыя, кіраўнікі апазіцыйных партый не падтрымліваюць гэтую акцыю. Сыходзячы вось з тых жа меркаванняў, пра якія вы казалі вышэй. Ніхто не далучыўся.

А вось шарагоўцы амаль усіх дэмакратычных партый і рухаў, нягледзячы на тое, што кіраўнікі гэтых арганізацый як бы застаюцца ўбаку, цалкам падтрымліваюць нашу ідэю, займаюцца распаўсюджваннем улётак і робяць тую звычайную працу, якую трэба рабіць, каб акцыя адбылася.

– А вас не пакрыўдзіла, што кіраўнікі партый вас не падтрымалі?

– Гэта звычайная для нашай апазіцыі рэч. Як толькі нехта прапаноўвае нейкую слушную ідэю, акцыю, усе астатнія пачынаюць яе байкатаваць. Так было заўсёды. Гэта даўняя хвароба беларускай апазіцыі…

Дарэчы, мы дамаўляліся сустрэцца, каб усё-ткі прыйсці да нейкага адзінага рашэння з нагоды вучэнняў “Захад-2017”. І я не разумею, як гэта займацца палітыкай і не бачыць, наколькі гэта сур’ёзна для Беларусі! Ні на адно палітычнае рашэнне, якое прымалася беларускім кіраўніцтвам, не мела такой вострай міжнароднай рэакцыі, як правядзенне гэтых сумесных з Расіяй вучэнняў. Прычым адрэагавалі не толькі нашы блізкія суседзі Літва і Польшча, Украіна, але нават Германія, Злучаныя Штаты Амерыкі. Усе вядучыя заходнія палітыкі з насцярогай выказаліся пра гэтыя вучэнні! А мы, знаходзячыся тут, у эпіцэнтры гэтых падзей, робім выгляд, быццам бы не трэба звяртаць на гэта ўвагу. Маўляў, як прыйдуць гэтыя расійскія вайскоўцы, так і пойдуць адсюль.

Калі б не было Украіны, магчыма, можна было б спадзявацца, што так і будзе. Але пасля таго, што адбылося ва Украіне, я паасцярогся б прымаць на веру словы любога расійскага палітыка, а тым больш людзей у пагонах.

– Аднак агульнанацыянальная прысяга не спыніць гэтых вучэнняў. А калі на плошчу прыйдзе 20 ці нават 100 чалавек, будзе проста сорамна…

– І гэтыя 20 ці 100 чалавек зафіксуюцца ў свядомасці тых, хто іх пабачыць.

Я шчыра не разумею тых, хто кажа, што мы быццам бы прыдумалі праблему на пустым месцы. Ну як прыдумалі? Украінцы таксама сябравалі з Расіяй і таксама казалі адзін аднаму пра вечнае братэрства, пра адну кроў. І што зрабілі з гэтым братэрствам, з гэтай адзінай крывёю? Пусцілі яе толькі так! І ніхто ў Расіі дагэтуль не прызнае гэта за памылку! Святкуюць, як перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне! Але некалі гэта вылезе бокам. І пакуль не будзе пакаяння за тое, што зроблена, нічога добрага ў Расіі не адбудзецца…

Нельга дапусціць, каб тое ж самае паўтарылася ў Беларусі. І таму трэба дэманстраваць усім і кожнаму, што ёсць людзі, гатовыя змагацца за сваю Айчыну, за тое, каб наша радзіма засталася незалежнай і вольнай.

З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Мікалай СТАТКЕВІЧ:

“А хіба я адзіны мужчына ў гэтай краіне?..”

Апошнім часам Мікалай Статкевіч не бярэ ўдзел у акцыях пратэсту – спецслужбы звычайна яго ізалююць. Не выключана, што так адбудзецца і напярэдадні 8 верасня. Тым больш што роўна 25 гадоў таму, 8 верасня 1992 года, беларускія афіцэры разам з Міколам Статкевічам прысягнулі на вернасць беларускаму народу.

Ці не безадказна паступае Статкевіч, у чарговы раз збіраючы людзей на плошчы? Ці не баіцца ён стаць ахвярай чыіхсьці правакацый?

– Ведаеце, у сваёй безадказнасці я абсалютна не адзінокі ў беларускай гісторыі, – шчыра адказвае Мікалай Статкевіч. – Не хачу, канешне, сябе параўноўваць, але тым не менш. Узяць таго ж Канстанціна Астрожскага, Кастуся Каліноўскага, слуцкіх паўстанцаў – сілы былі няроўныя, але яны змагаліся за сваю радзіму, нягледзячы ні на што! І каб не было такіх безадказных асоб у нашай гісторыі, то ці захаваліся б мы як народ, як нацыя?

Мне вельмі часта задаюць пытанне: маўляў, цябе ўсё роўна затрымаюць, акцыя сарвецца, як ты можаш заклікаць народ на плошчу? Я гавару проста ў лоб: а хіба я адзіны мужчына ў гэтай краіне?..

– Некаторыя вашы паплечнікі, якія 25 гадоў таму давалі прысягу на Кастрычніцкай плошчы, кажуць так: аднойчы мы прысягалі Айчыне, навошта яшчэ раз?

– Я не бачу ў гэтым нічога кепскага. Прысягаць на вернасць радзіме – гэта як казаць пра каханне любімай жанчыне. Гэта можна рабіць безліч разоў!

8 верасня 1992 года была іншая сітуацыя. І прысяга была іншая, яна была разлічана на вайскоўцаў, у тым ліку і па працэдуры. Зараз вырасла іншае пакаленне. Я разумею, што ў многіх ёсць страх, але яго трэба пераадольваць, а не шукаць нейкія адмазкі, каб не выйсці на плошчу.

Любыя спробы ўлады перашкодзіць патрыётам Беларусі выступіць у абарону незалежнасці краіны і ўшанаваць памяць партызан і салдат, якія загінулі ў барацьбе з захопнікамі, будуць доказам здрадніцкіх намераў стваральнікаў і кіраўнікоў цяперашняга антынароднага рэжыму.

ТЭКСТ ПРЫСЯГІ

Я, патрыёт Беларусі,

клянуся:

змагацца за свабоду і незалежнасць маёй краіны;

клянуся:

берагчы Беларусь у сэрцы маім,

бараніць яе ад любога ворага;

клянуся:

быць верным Беларусі,

ніколі не здрадзіць маім сябрам,

якія змагаюцца за вольную Айчыну.

Жыве Беларусь!

 

Поделиться ссылкой: