Паўночная Карэя. Што важней: бяспека ці гуманізм?

12

Не паспеў сціхнуць выбух эмоцый, які ўзнік менш за месяц таму пасля пагрозы КНДР нанесці ракетны ўдар па востраву Гуам, як Пхеньян зрабіў адразу дзве новыя правакацыі. Напрыканцы жніўня ён запусціў ракету сярэдняй далёкасці над японскай тэрыторыяй, а напачатку верасня правёў выпрабаванне самага магутнага за ўсю сваю гісторыю ядзернага ўстройства – 100 мегатон, што ў пяць разоў болей за бомбу ў Нагасакі.

Апошняя падзея выклікала асуджэнне ва ўсім свеце, праўда, з боку галоўных спонсараў рэжыму – Кітая і Расіі – збольшага вербальную. Найбольш жорсткай, як звычайна, была рэакцыя Злучаных Штатаў. Прэзідэнт Дональд Трамп у чарговы раз заявіў аб гатоўнасці прымяніць супраць КНДР ядзерную зброю, а кіраўнік Пентагону Джэймс Мэціс запэўніў, што ўзброеныя сілы ЗША гатовыя даць “эфектыўны и падаўляючы ваенны адказ”.

Няма сумненняў, што пры сапраўдным увасабленні такіх амерыканскіх намераў ракетна-ядзерны патэнцыял “краіны чучхе” будзе ліквідаваны. Вось толькі застаецца няясным, наколькі хутка, бо няма ўпэўненасці ў наяўнасці дакладнай інфармацыі аб абсалютна ўсіх карэйскіх стартавых пляцоўках, што дазволіла б знішчыць іх да запуску. Інакш Японіі, Паўднёвай Карэі, і, магчыма, яшчэ камусці ў рэгіёне мала не падасца.

Акрамя таго, нікуда не дзецца ад пытання, ці гатова цывілізаваная дзяржава сцерці з твару Зямлі не галоўную крыніцу пагроз і яе бліжэйшае асяроддзе (якраз у іх верагоднасць выжыць на першым этапе вайны нашмат вышэйшая), а дзясяткі ці сотні тысячаў звычайных грамадзян, няхай яны ўсяляк падтрымліваюць свой рэжым і, адпаведна, нясуць за яго пэўную адказнасць.

Нарэшце, відавочна, што пры любым з гэтых варыянтаў адбудзецца гуманітарная катастрофа велізарнага маштабу: насельніцтва КНДР – 25 мільёнаў, якіх трэба будзе карміць, хоць яны звычкі шмат есці не маюць. Амаль непазбежнай будзе масавая міграцыя, у параўнанні з якой сённяшнія аналагічныя цяжкасці Еўрасаюзу пададуцца дзіцячымі гульнямі.

Дарэчы, некаторыя эксперты лічаць, што Паднябесная не ажыццяўляе эфектыўнага ціску на Паўночную Карэю менавіта таму, што баіцца тамтэйшага хаосу больш, чым балістычных ракет с ядзернымі зарадамі.

Прычым такая праблема застанецца нават калі паўночнакарэйская армія цалкам адмовіцца ад супраціўлення. Зрэшты, разлічваць на гэта з улікам фанатызму, які дэманструюць жыхары краіны, наўрад ці выпадае.

Так што развіццё падзей па найгоршым сцэнары нічога добрага не абяцае. Пытанне, трэба меркаваць, будзе вырашана, але такой цаной, што чалавецтва здрыганецца.

Таксама наіўна спадзявацца, што паўночнакарэйскае кіраўніцтва раптам радыкальна зменіць свае погляды і адмовіцца ад ядзернай зброі. Хутчэй, наадварот, выглядае так, што апошнія тэхнічныя дасягненні толькі падштурхоўваюць Кім Чэн Ына да ўзмацнення шантажу свету. Пры гэтым ніхто не ведае, наколькі далёка ён гатовы ў ім пайсці.

Такім чынам, нават калі зараз канфрантацыя нейкім чынам разыйдзецца сама сабой, Карэйскі паўвостраў застанецца параховой бочкай, гатовой узарвацца ў любы момант.

Тым самым гэты крызіс можа стаць самым небяспечным пасля заканчэння халоднай вайны. Пры ўсіх тагачасных хібах савецкага кіраўніцтва рашэнні такога кшталту яно прымала, здаецца, усё ж з большай адказнасцю. Цяпер жа становішча з’яўляецца зусім малапрадказальным. І што самае кепскае, хоць крыху прымальнага выйсця з яго не назіраецца.

Што тычыцца магчымых наступстваў для Беларусі, дык непасрэдных пагроз ёй нібыта не існуе – нават мадэрнізаваныя паўночнакарэйскія ракеты сюды наўрад ці даляцяць, ды й падставаў для такога нападу ў Пхеньяна пакуль не бачна. Разам з тым нельга выключаць, што калі Масква пачне абараняць Ына як, напрыклад, таго ж Асада, шчыльны саюз з ёй прывядзе афіцыйны Мінск да новага пахаладання на заходнім накірунку.

 

Поделиться ссылкой: