Намеснік старшыні Горацкага райвыканкама арыштаваная па абвінавачанні ў крадзяжы і злоўжыванні ўладай

11

Крымінальная справа ў дачыненні да Браніцкай была распачатая вясной гэтага года, аднак сама чыноўніца заяўляла, што падазрэнні следчых неабгрунтаваныя, перадае БелаПАН.

“Следствам устаноўлена, што абвінавачваная арганізавала афармленне афіцыйных дакументаў аб асабістым працаўладкаванні ў дзяржаўныя ўстановы адукацыі горада Горкі і Горацкага раёна настаўнікам англійскай мовы па сумяшчальніцтве на ўмовах тэрміновых працоўных дагавораў, — паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк. — У класныя журналы абвінавачваная ўносіла лжывыя звесткі аб правядзенні заняткаў, якія насамрэч не праводзіла”. Такім чынам, дадала прадстаўнік УСК, абвінавачваная незаконна завалодала грашовымі сродкамі на суму не меншую за 1.900 рублёў.

Акрамя таго, следствам устаноўлена, што Браніцкая выкарыстоўвала ў асабістых мэтах службовы аўтамабіль, чым нанесла ўрон Горацкаму райвыканкаму на суму большую за 280 рублёў, а таксама нанесла шкоду законным інтарэсам кіроўцы, дадала Салянюк.

Дзеянні чыноўніцы кваліфікаваныя следствам па ч. 1 і ч. 2 арт. 210 і ч. 3 арт. 424 (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса, яна ўзятая пад варту.

Супрацьпраўныя дзеянні Браніцкай выяўленыя супрацоўнікамі 11-га ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Поделиться ссылкой: