Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Стары сябар завітаў 5 верасня да беларускага прэзідэнта — кіраўнік фракцыі КПРФ у расійскай Дзярждуме Генадзь Зюганаў. І была ў іх суцэльная настальжы.
20:06 5 верасня 2017
688
Памер шрыфта
Фота: president.gov.by

Зюганаў у сябрах яшчэ з тае пары, калі ў Аляксандра Лукашэнкі меліся амбіцыі пагуляць на расійскім палітычным полі. Цяпер “няма таго, што раньш было”, але кранальная сугучнасць поглядаў засталася.

У прыватнасці, гаспадар відавочна стараўся праліць бальзам на душу старога камуніста вось гэтым пасажам: “Раней людзі на эйфарыі былі, думалі: ах, напэўна, вось калі гэта рынак, калі гэта той капіталізм, як у Еўропе, мы ўсе будзем жыць лепш няма куды. А атрымалася зусім наадварот”.

Стоп, а што, хіба ў нас ужо быў перыяд капіталізму, як у Еўропе, і беларусы ў ім расчараваліся? Мо ўсё ж спачатку паспрабуем?

У тым і бяда Беларусі, што тут і сёння, праз чвэрць стагоддзя пасля распаду СССР, няма сапраўднага — здаровага і канкурэнтнага — рынку, эканоміка шмат у чым застаецца саўковай. Блізу 70% валавога ўнутранага прадукту прыпадае на дзяржаўны сектар. Міністэрствы па-ранейшаму даводзяць дырэктарам планы і г.д.

Карацей, дзяржава трымае экономіку ў кулаку, камандуе ёю акурат у камуністычнай (!) традыцыі — і таму менавіта яна, дзяржава, нясе адказнасць за нізкі ўзровень жыцця, адставанне ад суседзяў.

У нас выдаюць за наступства рынку дарагоўлю, высокую інфляцыю. Хаця акурат у развітых капіталістычных краінах інфляцыя значна ніжэйшая, чым у нас.

Карацей, няма чаго валіць з хворай галавы на здаровую. Вунь у Польшчы, дзе сапраўды наважыліся пабудаваць моцную рынкавую эканоміку паводле ўзору развітых краін, сярэдні заробак у ліпені перавысіў тысячу еўра і склаў ў пераліку амаль што 2400 беларускіх рублёў. Пры тым што нашы дзеячы толькі сіляцца даць рабацягам па тысячы рублёў на нос, ды і тое пагражае чарговы раз абваліць затузаную дырэктывамі эканоміку.

У Эстоніі, якая найболей удала сярод постсавецкіх краін правяла рынкавыя рэформы, сярэдні заробак у другім квартале сёлета склаў 1242 еўра, што на 6,8% вышэй, чым было год таму. Зразумела, там болей трэба плаціць за жытло і г.д., аднак і з улікам усіх нюансаў звычайны эстонец сёння відавочна заможнейшы, чым звычайны беларус.

Так што, можа, для пачатку варта было б усталяваць у нас “капіталізм, як у Еўропе”, а потым спытацца ў беларусаў, ці хочуць яны назад, у камандна- адміністратыўную сістэму з начальніцкім бізуном.

Але ж у той сістэме, што ў Еўропе, ні Лукашэнку, ні Зюганаву напэўна не знойдзецца месца, адпаведнага іх амбіцыям. Таму і ганяць яны ідэю рэформаў, таму і страшаць абывацеля жахамі гнілога Захаду, як гэта рабіла яшчэ савецкая прапаганда.

Дарэчы, наконт прапаганды. Зюганаў пахваліў Лукашэнку за рэтрансляцыю расійскіх каналаў: “Я звярнуў увагу, вы ўсё паказваеце. Хоць часам папракаюць, вы абсалютна ўсё паказваеце”.

І тут госць пачуў пэўна ж салодкі для яго вуха адказ: “Мы нічога не баімся, мы паказваем, як жыве наш старэйшы брат, якія ідэі розныя групы людзей і партыі прапаведуюць”.

Мне ж тут найперш рэжа слых гэтае “старэйшы брат”. Зноў жа — з лексікону савецкай прапаганды, калі Беларусь называлі малодшай сястрой Расіі і ні каліва рэальнага суверэнітэту мы не мелі. Але ж сёння мы —
незалежная дзяржава і сам беларускі прэзідэнт, калі Масква чарговы раз прыціскае, пачынае апеляваць да прынцыпу роўнасці партнёраў па інтэграцыі. Дык што, цяпер ён прагаварыўся, што тая роўнасць — фікцыя?

Але рэч нават не ў гэтым сервільным пасажы, а ў тым, што насамрэч расійскія тэлеканалы штодня прамываюць беларусам мазгі у духу “русского мира” — і гэта бяда, гэта размыванне і так кволай нацыянальнай самасвядомасці, а па вялікім рахунку — міна запаволенага дзеяння пад нашу незалежнасць. Так спакваля рыхтуецца глеба для магчымага гібрыднага сцэнару. Гэта тое, што украінскі палітолаг Яўген Магда называе эфектам анаконды: тая абвіваецца неўпрыкмет, а потым умомант сціскае кольцамі так,
што дух прэч.

І калі напраўду, то беларускае кіраўніцтва пасля Крыма стала баяцца расійскай прапаганды. Але яшчэ болей баіцца адключыць тыя каналы, бо Крэмль не даруе. Ды і чым замяніць? Сваё дзяржТБ сумнае, лёкайскае, а развіваць незалежныя СМІ, пускаць у кабельныя сеткі ўкраінскія, польскія, іншыя заходнія каналы — таксама страшна.

Так што беларускія ўлады са сваёй настальгіяй па саўку ды гульнямі ў “братнюю інтэграцыю” трапілі ў пастку. Але не хочуць прызнавацца ў гэтым нават самі сабе. Таму такім фальшам вее ад гэтага дыялогу Лукашэнкі з Зюганавым.

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ 
Крынiца: Народная Воля
Тэмы:,
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

25 верасня 2017

“Адстойваць праўду ў часы прапаганды”

Нядаўна Генадзь Зюганаў, кіраўнік расійскіх камуністаў, чарговы раз наведаў Мінск і быў тут цёпла прыняты (натуральна, што за кошт беларускіх падаткаплатнікаў) на самым высокім палітычным узроўні – аж
12 верасня 2017

Урачыстая сустрэча Лукашэнкі прайшла ў прэзідэнцкім палацы ў Нью-Дэлі

Урачыстая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі адбылася раніцай 12 верасня ў прэзідэнцкім палацы (Раштрапаці-бхаван) у Нью-Дэлі, куды кіраўнік беларускай дзяржавы прыбыў вечарам 11 верасня.
21 сакавiка 2011

Аддасі загад страляць у свой народ, і ты — палітычны труп!

Беларускі МЗС фактычна заступіўся за Кадафі. Тутэйшая дыпламатыя заклікала міжнародную кааліцыю “неадкладна спыніць баявыя дзеянні, якія прыводзяць да людскіх ахвяр”.