Размаўляюць прадаўшчыца кнігарні, маці і сын, гадоў 14-ці.

Прадаўшчыца (да хлопца): Ты ўзяў працоўныя сшыткі па-руску, а па фізіцы – па-беларуску. Так трэба?

Хлопец: – Ах, я поменяю на русский. Школа у нас считается белорусская, учебники на белорусском языке, но преподают нам всё по-русски.

(Ідзе да паліцы і прыносіць назад рускую вэрсію сшытка.)

Маці хлопца: – Да, у них только формально школа белорусская. Зачем переводить задания с белорусского, когда можно взять сразу по-русски?

Я не стаў умешвацца ў гэты дыялог і перапытваць, у якую мінскую школу ходзіць гэты хлопец. Бо для мяне нічога новага ў гэтых словах няма.

Другая сцэнка. Журналіст незалежнага выдання апытвае мінчан. Звяртаецца да жанчыны, якая ідзе насустрач.

Журналіст: – Ці хацелі б вы, каб вашыя дзеці вучыліся ў беларускамоўнай школе?

Жанчына: – Почему нет? Но только тогда, когда все дети, начиная с детского сада, будут сразу учиться по-белорусски. Иначе у вас с этим ничего не получится. Нужно, чтобы так сразу учились все.

У першай “сцэнцы з жыцця”, па-мойму, добра адлюстраваўся стан сучаснай адукацыі на мове тытульнай нацыі ў нашай краіне. Другі дыялог красамоўна выяўляе стаўленне вялікай колькасці сучасных бацькоў да беларускамоўнай адукацыі ў прынцыпе.

З захапленнем чытаю паведамленні ў нашых незалежных СМІ, дзе журналісты з радасцю паведамляюць: вось, у мінскіх школах, нумары такія і такія, адчыніліся беларускамоўныя класы, вось ініцыятыву падхапіла колькі дзясяткаў бацькоў у Брэсце, Гародні, яшчэ недзе…

Але… чытайце вышэй першы дыялог. Каб школа ці клас былі беларускамоўнымі не на паперы, безумоўна, патрэбная адна рэч. Настаўнікі такой школы ці такога класа павінны даваць прыклад сваім вучням і ўсюды ў іх прысутнасці (а найлепш і наогул у сваім жыцці) карыстацца беларускай мовай. Так яно ад самага пачатку было ў Беларускім гуманітарным ліцэі, і, як чалавек, звязаны з гэтым ліцэем не адно дзесяцігоддзе, магу сказаць: іначай ліцэй не існаваў бы не толькі афіцыйна, а і ў сапраўднасці.

Добра памятаю пачатак 90-х гадоў. Ва ўсіх універсітэтах, найперш педагагічных, рыхтаваліся ад таго, каб асноўнай мовай навучання студэнтаў стала беларуская: на гэтую мову пераходзілі сотні выкладчыкаў, рыхтаваліся і выдаваліся шматлікія тэрміналагічныя слоўнікі, раз за разам пачалі выходзіць з друку курсы лекцый і іншыя дапаможнікі па самых розных дысцыплінах… Працэс ішоў нармальна, паслядоўна і не патрабаваў нейкіх надзвычайных высілкаў. Усё змянілася пасля сумнеўнага ў сваёй юрыдычнай правамоцнасці рэферэндуму 1995 года, калі рэальнае двумоўе пачалі замяняць поўным аднамоўем.

Фактычна да канца 1990-х гадоў падрыхтоўка настаўнікаў, якія нармальна валодаюць беларускай мовай, была згорнутая. Калі ты ў школе размаўляў па-беларуску, а потым адмаўляўся ўдзельнічаць у фальсіфікацыі выбараў на ўчастках, ты (праз уведзеную сістэму кароткага кантракту) хутка губляў сваё месца працы. Добра вядомыя прыклады настаўніц гісторыі Алены Маслюковай ці Наталлі Ільініч, якія належалі да найлепшых настаўнікаў па сваіх прадметах у раёнах (адпаведна, у Светлагорскім і Асіповіцкім), але былі звольненыя без колькі-небудзь сур’ёзных тлумачэнняў. А гэтых прыкладаў у маштабах усёй Беларусі было ў сапраўднасці нямала. Пасля афіцыйнай ліквідацыі вышэйзгаданага ліцэя мне, чалавеку, з першага года свайго працоўнага жыцця звязанаму з асветай і адукацыяй, быў перакрыты доступ да школьнага класа, да студэнцкай аўдыторыі. Хоць я, кандыдат навук, суаўтар праекта першага ў незалежнай Беларусі Закона аб адукацыі, аўтар школьных вучэбных дапаможнікаў, у 90-я гады рэгулярна запрашаўся чытаць лекцыі настаўнікам з Мінска і розных рэгіёнаў Беларусі.

Мы не першая нацыя, якая пачынала нацыянальную адукацыю ў цяжкіх умовах, пераадольвала супраціў тых, хто карыстаўся “імперскімі” мовамі.. Прыклады Славакіі, Ізраіля, краін Балтыі, нават былой расійскай часткі Польшчы і інш. ёсць, іх можна аналізаваць і з гэтага рабіць адпаведныя высновы.

Выйсце для беларускамоўнай адукацыі бачыцца простае: уся базавая (а яна павінна доўжыцца не менш як 6 гадоў) школа (пасля 5-гадовага пераходнага пэрыяду) павінна запрацаваць на беларускай мове, сярэдняя дзяржаўная – таксама. Прыватныя гімназіі (7 – 9 гады навучання) і ліцэі (10 – 12 гады) могуць працаваць і па-руску, і па-польску, і па-літоўску, і па-англійску, і на іўрыце, і на якой заўгодна іншай мове. Пры гэтым – так, як яно ёсць ва ўсіх нашых суседзяў – мова, літаратура, мастацтва, гісторыя і геаграфія сваёй краіны, у кожным выпадку, павінны і там выкладацца на мове тытульнай нацыі.

Пяць гадоў хапіла б, каб псіхалагічна і моўна падрыхтаваць неабходную колькасць настаўнікаў, каб пачаць рэалізоўваць такі план.

Тады з часам вырашыцца праблема, на якіх мовах далей працаваць нашым універсітэтам, што фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэту.

Усё гэта не абстрактныя выдумкі. У вышэйзгаданым Беларускім гуманітарным ліцэі заўсёды былі конкурсы (нават праз гады пасля таго, як ліцэй быў пазбаўлены афіцыйнага статусу). Усе дзеці самае позняе праз паўгода навучання пачынаюць свабодна карыстацца беларускай мовай, ахвотна чытаюць, гавораць, пішуць на ёй…

І яшчэ адно. Сёння ў нас у Беларусі яшчэ маецца дастатковая колькасьць адказных спецыялістаў, якія маглі б арганізаваць павышэнне моўнай кваліфікацыі настаўнікаў і палепшыць стаўленне апошніх да мовы. Але патрэбнае спрыянне дзяржавы (не на словах, а на справе). Кампанейшчына і праца дзеля галачкі тут не дапамогуць.