Сёння ў Віцебску няма ні вуліцы, ні помніка сусветна вядомаму пісьменніку. Не так даўно маладыя мастакі Ян Кузьмін і Глеб Каштанаў з каманды «StreetSkills» намалявалі партрэт Васіля Быкава на будынку трансфарматарнай падстанцыі.

Таксама там ёсць цытата Быкава: «Чалавек, як і кожная жывая істота ад Бога, нараджаецца свабодным». Графіці з выявай Васіля Быкава знаходзіцца на Маскоўскім праспекце, 7.

– Над партрэтам працавалі з вялікай цікавасцю, – сказаў «Народнай Волі» віцебскі мастак Глеб Каштанаў. – У Васіля Быкава вельмі характэрны, фактурны твар. Таксама было некалькі варыянтаў цытат, але вырашылі, што гэтая самая магутная і зразумелая людзям.

– Колькі часу выдаткавалі на працу?

– У суме атрымалася тры дні.

– Вы звярталіся да гарадскіх уладаў, каб знайсці для партрэта пісьменніка больш люднае месца?

– Вядома. Цэнтральнае месца мы шукаем ужо на працягу двух гадоў. Спачатку звярнуліся да чыноўнікаў падчас «Творчага чацвярга» – гэта мерапрыемства, дзе можна выказаць свае ідэі адміністрацыі горада, але нас не падтрымалі.

– У Віцебску неяк па-мастацкі увекавечана памяць пра пісьменніка?

– На Мастацкай школе №1 ёсць мемарыяльны знак, які паведамляе, што тут вучыўся Васіль Быкаў. Мы, дарэчы, таксама там вучыліся.

Зараз ёсць арт-аб’ект у двары на Маскоўскім праспекце. Мы спрабавалі, як я ўжо сказаў, дамагчыся цэнтральнага месца. Быў варыянт: сцяна бібліятэкі Леніна. Але калі мы прапанавалі свае эскізы, улады выявілі жаданне іх карэктаваць, рэдагаваць па-свойму. Нам гэта не спадабалася, бо ў нас свае ідэі, бачанне і стыль. Улады не з’яўляюцца заказчыкам, таму мы зрабілі самастойна, як палічылі патрэбным. Партрэт Васіля Быкава – наш падарунак гораду.

Ян Кузьмін і Глеб Каштанаў аўтары партрэтаў Марка Шагала, Яўгена Лявонава і іншых вядомых асоб.