Ларыса Геніюш – класік-злачынец?

94

У свеце такога няма, а ў Беларусі – ёсць. Пісьменнік гэты – Ларыса Геніюш. Класік, прызнаны народам, на якога дзяржава (яшчэ сталінская) надзела гулагаўскую фуфайку з нумарам 0-287, а дзяржава беларуская (нібыта незалежная) ніяк не адважыцца той арыштанцкі нумар зняць.

Давайце паспрабуем разабрацца – чаму? За што, за якія страшныя злачынствы Вярхоўны Суд Беларусі працягвае лічыць, што Ларыса Геніюш была “осуждена правильно и реабилитации не подлежит”.

Суровыя людзі ў судзейскіх мантыях гавораць нешта няўцямнае пра супрацоўніцтва паэткі з фашыстамі. Але ў чым гэта праявілася? Так, Ларыса Геніюш друкавала свае вершы ў газеце “Раніца”, што выдавалася па-беларуску ў Берліне ў 1939–1944 гадах. У свой час я ўважліва праглядзеў газетную падшыўку – ніводнага хвалебнага слова на адрас нямецка-фашысцкіх захопнікаў ды іхняга “новага парадку” за подпісам Ларысы Геніюш там няма. Няма і намёку на нейкае “супрацоўніцтва” і ў кнізе “Ад родных ніў” (Прага, 1942). Геніюшаўскія вершы прасякнутыя духам беларускага патрыятызму, у іх – заклік да незалежнасці, вернасць нацыянальным сімвалам – бел-чырвона-беламу сцягу і Пагоні.

Гэта злачынства? З гледзішча савецкага Крамля – так. Таму і ўляпіў бээсэсэраўскі суд паэтцы 25 гадоў (што выглядала як вышэйшая мера, бо выжыць чвэрць стагоддзя на “беласмертнай поўначы” было немагчыма).

А з гледзішча Беларусі незалежнай? Як можна лічыць злачынцам чалавека, які за тую самую незалежнасьць усё жыццё змагаўся і пайшоў на Галгофу? Як на добры розум, Ларысу Геніюш у Рэспубліцы Беларусь мусілі б рэабілітаваць і ўшанаваць у ліку першых. Як тое адбылося з чэшскім паэтам Яраславам Сайфертам, які таксама друкаваўся пры немцах, але замест 25 гадоў Гулагу атрымаў Нобелеўскую прэмію і месца ў нацыянальным пантэоне Чэхіі.

Геніюш не рэабілітавалі. Значыць, на пэўныя падзеі і пэўных асобаў беларуская ўлада па-ранейшаму глядзіць з крамлёўскай вежы.

Штогод мы ладзім у Зэльве Геніюшаўскія чытанні і штогод чуем ад мясцовых чыноўнікаў адмовы ў памяшканні. Мемарыяльная шыльда на хаце Ларысы Геніюш (прыватызаванай!) правісела ўсяго чатыры дні. Прыйшлі міліцыянты і ададралі ламамі. На 100-я ўгодкі паэткі зэльвенскі дом культуры мясцовы ідэолаг зачыніў проста перад носам соцень людзей. А на маё абурэнне патлумачыў: “Какое может быть ушанованье, когда Лариса Гениуш переписывалась с Гитлером, меня проинформировали”. З такой макухай у галаве той ідэолаг нядаўна пайшоў на павышэнне – стаў намеснікам старшыні Свіслацкага райвыканкама, пад вокнамі якога, дарэчы, стаіць помнік Сталіну. Трапіў, так бы мовіць, у больш спрыяльнае асяроддзе…

Стоячы тады на прыступках зачыненага дома культуры, я прыгадаў радкі Ларысы Антонаўны – нібы наўпрост звернутыя да ўсіх прысутнах: “Прайшлі годы і буры. / Перамена ярма. / Вунь стаіць дом культуры, / а культуры няма”.

У беларускай улады, на мой погляд, няма не толькі культуры. У яе, лічу, няма самастойнасці. І адносіны да Ларысы Геніюш – як паказальны прыклад. Маскве не патрэбныя людзі-сімвалы і рэчы-сімвалы, якія ўмацоўвалі б беларускую незалежнасць. А Геніюш – постаць менавіта сімвалічная. Як сімвалічны, напрыклад, Крыж Ефрасінні Полацкай, які Масква ніколі не верне Беларусі.

Упартая нерэабілітацыя Ларысы Геніюш – як лакмусавая паперка для вызначэння характару беларускай улады. Геніюш для яе непрымальная? Значыць, улада гэтая антынацыянальная ў сваёй сутнасці, якія б лозунгі “За сильную и процветающую Беларусь” ёю ні прагалошваюцца. І наадварот, я ў гэтым перакананы, сапраўды нацыянальная ўлада неадкладна рэабілітуе паэтку і належна ўшануе яе памяць. А пакуль тое не адбылося, не адбылася і Рэспубліка Беларусь як незалежная дзяржава, і неістотна, пад якія гімны мы ўстаем і пад якія калыханкі кладземся.

 

Поделиться ссылкой: