Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 жніўня на сустрэчы са старшынёй Нацыянальнай асамблеі Судана Ібрагімам Амерам, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.

Па словах кіраўніка дзяржавы, у цяперашні час узровень беларуска-суданскага міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ўзрос, за апошнія паўгода візіты ў Хартум ажыццявілі беларускія дэлегацыі самага высокага ўзроўню. Былі разгледжаны пытанні супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, нафты і газу, прыродных рэсурсаў і геалогіі, сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці, будаўніцтва і міжбанкаўскага супрацоўніцтва.

«Гэта быў этап вызначэння сумесных праектаў і прадметнага абмеркавання шляхоў іх рэалізацыі, які можна лічыць завершаным. Зараз вельмі важна неадкладна прыступаць да выканання вызначаных планаў, — падкрэсліў Лукашэнка. — Беларусь усур’ёз настроена на паспяховае ўвасабленне сумесных праектаў з Суданам у названых сферах. Мы разлічваем, што ў кіраўніцтва вашай краіны аналагічны падыход і гэтыя планы атрымаюць падтрымку суданскіх парламентарыяў».

Лукашэнка адзначыў, перадае БелаПАН, што для суданскай дэлегацыі, у якую акрамя парламентарыяў уваходзяць прадстаўнікі ўрада і дзелавых колаў, падрыхтавана насычаная праграма, якая ўключае ў сябе як сустрэчы з афіцыйнымі асобамі Беларусі, так і наведванне асноўных прамысловых, сельскагаспадарчых і навукова-вытворчых пляцовак. «Мы спадзяемся, што падчас знаёмства з Беларуссю вы зможаце ў поўнай меры адчуць эканамічны, прамысловы, навуковы і культурны патэнцыял нашай краіны. Упэўнены, што ваш цяперашні візіт у Мінск адкрые новыя перспектывы беларуска-суданскага ўзаемадзеяння», — сказаў беларускі афіцыйны лідар.

Лукашэнка таксама з вялікай цеплынёй успомніў свой візіт у Хартум і плённыя перамовы з прэзідэнтам Судана Амарам аль-Башырам. «Удзячны суданскім парламентарыям за шчырасць, падтрымку, якую я адчуў у ходзе майго выступлення ў Нацыянальнай асамблеі Судана. Мы разглядаем гэты візіт такой прадстаўнічай дэлегацыі як працяг двухбаковага дыялогу, пачатага ў студзені 2017 года. Вельмі важна, што дасягнутыя тады дамоўленасці паспяхова выконваюцца», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неаднаразова звяртаў увагу кіраўнікоў беларускіх міністэрстваў, рэгіёнаў, прадпрыемстваў на неабходнасць дакладнай прапрацоўкі шляхоў актывізацыі ўзаемадзеяння з Суданам. «Пры гэтым неабходна, каб нашы канструктыўныя палітычныя адносіны адбіліся ў канкрэтных выніках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва», — падкрэсліў ён.

У сваю чаргу Ібрагім Амер падзякаваў Лукашэнку за гасціннасць і цёплы прыём і перадаў прывітанне ад прэзідэнта Судана.

 
Фота: google.by