«Дзецюкі», якія былі фаварытамі народнага галасавання на сайце фэсту, а таксама яшчэ чатыры гурты, дыскваліфікавалі нібыта за накрутку галасоў.

«Пяць дастаткова паважаных гуртоў у беларускай музычнай сферы вылятаюць за накруткі», — тлумачаць арганізатары LidBeer.

Лідар «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў шкадуе, перадае «Еўрарадыё«, што гурт увогуле «увязаўся» у гэтую гісторыю:

«Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў падобных галасаванках, і гэта страшэнная наша памылка. Атрымліваецца, што ты мусіш апраўдвацца ў тым, чаго ты не рабіў. У мяне няма ніякіх доказаў ні таго, што была там накрутка, ці не было, можна там нехта адмыслова накруціў, каб нас не пусцілі, можа ім патэлефанавалі з КДБ. Я не магу нічога сцвярджаць. Але арганізатары таксама не могуць даказаць, што мы накручвалі. Пакажыце мне, дакажыце».

Нагадаем, гурт Dzieciuki трапіў пад негалосную забарону ў Беларусі. Апошні дазволены канцэрт музыкаў адбыўся ў Мінску ў лютым 2016 года падчас уручэння музычнай прэміі “Даём рады”. Усе астатнія спробы атрымаць гастрольнае пасведчанне заканчваліся адмовамі. Не атрымалася правесці і сольны канцэрт Алеся Дзянісава. Мінгарвыканкам лічыць, што яго музыка, напісаная на вершы Алеся Чобата, мае нізкую мастацкую вартасць.

Dzieciuki упэўнена лідзіравалі ў галасаванні. Алесь Дзянісаў ужо складаў трэк-ліст канцэрта. Аднак у выніку на малой сцэне выступяць «Чувства полёта», Кitchen staff only, «Коктейль Шаляпина», «Мутнаевока», Tempo.by і «На один день». Хэдлайнерамі LidBeer стануць «Петля Пристрастия», «Крамбамбуля», Lumen i «Акіян Эльзы».

Фота: budzma.by