Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей пасля сустрэчы з егіпецкім калегам Самехам Хасанам Шукры 28 жніўня ў Мінску.

«Беларусь заўсёды разглядала Егіпет як важнага рэгіянальнага і міжнароднага гульца. Без яго немагчыма ўрэгуляванне канфліктаў у рэгіёне», — падкрэсліў Макей, перадае БелаПАН.

Паводле яго слоў, падчас сустрэчы кіраўніка МЗС Беларусі і Егіпта абмяркоўвалі «прынцыпы, на якіх гэтыя крызісы маглі б быць урэгуляваныя». Макей адзначыў, што пры вырашэнні праблемных пытанняў на Блізкім Усходзе важна забяспечыць прынцып тэрытарыяльнага суверэнітэту дзяржаў, а таксама важна рэалізаваць урэгуляванне крызісаў на аснове тых дакументаў, якія былі распрацаваныя ў сістэме ААН.

У сваю чаргу Шукры заявіў, што рэгіён Блізкага Усходу «стаў сведкам складанай і супярэчлівай сітуацыі канфліктаў у Сірыі і Лівіі». «Егіпет прасоўвае ідэю, што немагчыма ваеннае рашэнне для аднаўлення стабільнасці ў рэгіёне. Гэта можа адбыцца толькі праз дыялог і перамовы, — сказаў ён. — Мы таксама заклікаем да кансалідацыі намаганняў міжнароднай супольнасці для барацьбы з тэрарызмам».

 

Фота: google.by