Аб гэтым паведаміў журналістам спецпрадстаўнік дзеючага старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік па выніках раўнда перамоў у Мінску 23 жніўня.

Паводле яго слоў, перадае БелаПАН, рабочая група па гуманітарных пытаннях працягнула інтэнсіўныя дыскусіі па пытанні абмену палоннымі. «Цяжка сказаць, ці быў сёння прагрэс у гэтым абмеркаванні. Я думаю, што абмеркаванне гэтага пытання — гэта вельмі складаная тэматыка, бо гэта звязана з людзьмі і іх лёсамі. І, вядома, тут трэба дзейнічаць з усёй адказнасцю. Сёння ж казаць аб канкрэтным прасоўванні ў гэтым пытанні нельга», — заявіў дыпламат.

Акрамя таго, абмяркоўваліся вынікі візітаў у месцы ўтрымання палонных каардынатара падгрупы Тоні Фрыша. «Я б хацеў павітаць ініцыятыву такіх візітаў. Яны неабходныя для азнаямлення з умовамі ўтрымання па абодва бакі лініі судакранання», — адзначыў прадстаўнік АБСЕ.

Сайдзік удакладніў, што ў працоўнай групе па бяспецы прадоўжылася абмеркаванне пытання развядзення сіл і сродкаў у станіцы Луганскай і новых зонах бяспекі. Станоўчыя вынікі прынесла праца падгрупы па эканамічных пытаннях. «Пасля правядзення апошняга плацяжу водазабеспячэнне ў Луганскай вобласці забяспечваецца паўсюдна і ў поўным аб’ёме. Спадзяюся, што дзякуючы рэгулярным плацяжам пастаўкі вады і ў далейшым будуць ажыццяўляцца бесперабойна. Гэта канкрэтны і вельмі важны вынік нашай працы для насельніцтва», — сказаў дыпламат.

У працоўнай групе па палітычных пытаннях, рэзюмаваў Сайдзік, адбыўся «грунтоўны абмен меркаваннямі ў святле перамоў лідараў» нармандскай чацвёркі «. У прыватнасці, абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з так званай формулай Штайнмаера аб асаблівым статусе рэгіёна і законам аб гэтым.

Як паведамлялася, кантактная група па Украіне 23 жніўня ў Мінску дамовілася аб рэжыме спынення агню ў сувязі з пачаткам навучальнага года з нуля гадзін 25 жніўня.

Наступная яе сустрэча запланавана на 6 верасня.

 
Фота: БЕЛТА