Беларускамоўныя групы пачнуць працаваць ад верасня ў варшаўскай школе №395. Гэта адпаведным лістом пацвердзіла дырэктар аддзела адукацыі адміністрацыі прэзідэнта Варшавы Ёана Гаспадарчык.
Кожны ахвотны можа далучыцца. На заявы зацікаўленых бацькоў школа чакае да 20 верасня.
Пытаннем беларускамоўных груп неабыякавыя бацькі-беларусы заняліся ў лютым сёлета. Паводле закону, для стварэння такой групы патрэбна мінімум трое дзяцей, але зацікаўленых ужо тады было каля дзясятка сем’яў, перадае Белсат.
Ініцыятыва стварэння беларускамоўнай групы звязаная з рэалізацыяй правоў нацыянальных меншасцяў у Польшчы, а таму ідэя фінансава падтрымліваецца польскім міністэрствам адукацыі.
Фота з сайта Белсат