“Няма ніводнай законнай падставы для таго, каб архівы былі закрытыя”

Шэраг грамадскіх ініцыятыў увайшлі ў аргкамітэт форума “Бальшавіцкі тэрор. Права на ўстанаўленне ісціны”, які прайшоў учора ў памяшканні Прэс-клуба ў Мінску. У форуме ўзялі ўдзел гісторыкі, якія даследуюць тэму савецкіх рэпрэсій, палітыкі, грамадскія актывісты. Яны распачалі збор подпісаў пад праектам рэзалюцыі да беларускіх уладаў з патрабаваннем адкрыць усе архіўныя дакументы, якія датычацца перыяду Вялікага тэрору.

– На пытанне, чаму да сёй пары ў Беларусі не адкрыты архівы КДБ, ніхто не можа адказаць. Паводле існуючага заканадаўства няма ніводнага тлумачэння, чаму яны ўсё яшчэ закрытыя. Самы вялікі сакрэт, які ахоўваецца беларускай дзяржавай, – гэта таямніца асабістага жыцця, для захавання якой устаноўлены тэрмін у 75 гадоў. Сёлета спаўняецца 80-годдзе пачатку Вялікага тэрору, і ўжо пяць гадоў як няма ніякай прычыны хаваць гэтыя дакументы, – распавёў Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” гісторык-архівіст Зміцер Дрозд.

Гісторык падкрэслівае, што яшчэ пяць гадоў таму дакументы аб сталінскіх рэпрэсіях 1937 года павінны былі стаць даступнымі не толькі для сваякоў рэпрэсаваных, але і для любых даследчыкаў. Цяпер жа ўсе паперы да 1941 года, апроч тых, што з нейкіх прычын маюць грыф сакрэтнасці, павінны быць даступнымі.

– А такіх дакументаў, як я разумею, няма, бо ўсе справы рэпрэсаваных і, тым больш, рэабілітаваных, даўно рассакрэчаныя. Таму няма ніякай законнай падставы для таго, каб гэтыя архівы былі закрытыя.

Нельга ставіць помнік у Курапатах, не назваўшы імёны рэпрэсаваных

 

Эксперты форума – гісторыкі Таццяна Процька, Зміцер Дрозд, Ігар Кузняцоў.

Арганізатары форума звяртаюць увагу: рэзалюцыя прымеркаваная не толькі да пачатку Вялікага тэрору, але і да падзей найноўшай гісторыі Беларусі, калі дзяржава абвясціла аб намеры стварыць помнік рэпрэсаваным ва ўрочышчы Курапаты.

– У Савецкім Саюзе паўсюль ставілі помнікі невядомаму салдату (якія, сапраўды, назаўжды застануцца невядомымі), але помнік невядомаму рэпрэсаванаму, калі чалавек праходзіў па розных спісах праз следства і суды, – гэта нешта неверагоднае. Гэтыя спісы недзе ёсць – у нас ці ў Расіі. Таму трэба іх адкрыць і ва ўсіх месцах масавых расстрэлаў у Беларусі паставіць памятныя знакі. Нельга ставіць помнік у Курапатах, не назваўшы імёны тых, хто там пахаваны, не даследаваўшы архівы, – перакананы Зміцер Дрозд.

Аўтары рэзалюцыі не выключаць, што яна, як і дзясяткі іншых зваротаў ад грамадскасці на гэтую тэму, можа згубіцца недзе далёка ў нетрах дзяржаўнага апарату і вярнуцца ў выглядзе адпіскі. Але ёсць шэраг падстаў меркаваць, што сітуацыя змянілася – той жа лютаўскі круглы стол па Курапатах у газеце “СБ. Беларусь сегодня”, ролікі па тэлебачанні аб зборы сродкаў на мемарыялізацыю ўрочышча.

– Дзяржава зрабіла паўкрока наперад, і мы хочам падштурхнуць яе зрабіць поўны крок. Бо немагчыма казаць пра рэпрэсіі, не адкрыўшы архівы. Калі людзі былі рэабілітаваныя і ні ў чым не вінаватыя, чаму іх справы хаваюць?

Нельга ставіць помнік у Курапатах, не назваўшы імёны рэпрэсаваных

 

 “З рэпрэсіямі трэба змагацца да таго, як яны набудуць масавы характар”

 Гісторык, даследчык савецкіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў распавёў, што Дзень ахвяр сталінізму і нацызму ў Еўропе адзначаецца ўжо восем год. Менавіта ў гэты дзень, 23 жніўня 1939 года быў падпісаны пакт аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР (пакт МолатаваРыбентропа). Нагадаем, да дагавора прыкладаўся сакрэтны дадатковы пратакол аб размежаванні сфер інтарэсаў ва Усходняй Еўропе на выпадак “тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання”.

– Гэта, фактычна, тая дата, з якой пачалася Другая сусветная вайна. З усіх жахаў ХХ стагоддзя найбольш значныя злачынствы здзейснілі два таталітарныя рэжымы – нацысцкі і савецкі, гэта браты-блізняты.

Ці карэктна параўноўваць злачынствы сталінізму і нацызму? Адказ на гэтае пытанне могуць даць лічбы. Паводле гісторыка, у Германіі нацысцкі рэжым рэпрэсаваў каля 1% насельніцтва (без уліку яўрэйскага). У Савецкім Саюзе адносна яго грамадзян у залежнасці ад рэгіёна гэтыя лічбы складаюць ад 15 да 30%.

Нельга ставіць помнік у Курапатах, не назваўшы імёны рэпрэсаваных

 

– Абодва таталітарныя рэжымы прынеслі беларускаму народу бяду. Мы ўжо ніколі не даведаемся дакладных лічбаў, колькі Беларусь страціла людзей падчас вайны і падчас рэпрэсій. Як можна было знішчыць такую колькасць людзей, амаль не сустрэўшы супраціву? Адзін з важных урокаў таго часу – з рэпрэсіямі трэба змагацца да таго, як яны набудуць масавы характар. Гэта датычыцца і сучаснай Беларусі. Каб не дапусціць гэтага, трэба аб’яднаць усе намаганні грамадзянскай супольнасці.

Нельга ставіць помнік у Курапатах, не назваўшы імёны рэпрэсаваных

 

Адны з арганізатараў форума – Раіса Міхайлоўская (злева) і Ганна Шапуцька.

Гісторык Таццяна Процька зазначыла, што наша дзяржава па сваёй сутнасці не змянілася з часоў СССР, а савецкая сістэма не можа існаваць без рэпрэсій

Аргкамітэт форума мае намер сабраць подпісы пад рэзалюцыяй і накіраваць яе ў адпаведныя дзяржаўныя органы. Пачалі гэты працэс дзеці ГУЛАГа – Уладзімір Раманоўскі і Зінаіда Тарасевіч. Бліжэйшым часам рэзалюцыя будзе размешчана на адной з інтэрнэт-платформ, дзе пад ёй змогуць падпісацца ўсе ахвотныя грамадзяне Беларусі. Пасля падпісання зварот будзе накіраваны ў адпаведныя дзяржаўныя органы.

Нельга ставіць помнік у Курапатах, не назваўшы імёны рэпрэсаваных

 

Уладзімір Раманоўскі нарадзіўся ў ГУЛАГу.

Праект рэзалюцыі Форума “Бальшавіцкі тэрор. Права на ўстанаўленне ісціны”

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі розных партый, грамадзянскіх ініцыятываў, кампаній і арганізацый, да 100-годдзя бальшавіцкага перавароту, што паклаў пачатак узрушэнняў, якія ўнеслі мільёны жыццяў, а таксама да 80-годдзя пачатку ў СССР Вялікага тэрору, разумеючы, што права грамадзян на ўстанаўленне ісціны, а таксама ўстанаўленне імёнаў і шанаванне памяці ўсіх нявінна пацярпелых ад рэпрэсій немагчымыя без свабоднага доступу да архіваў, патрабуем:

1. Зняць грыфы сакрэтнасці з усіх змешчаных на захоўванне ў Беларусі дакументаў за 1917-1953 гады.

2. Перадаць з ведамасных у адкрытыя дзяржаўныя архівы ўсе архіўна-следчыя справы на рэпрэсаваных у 1920-1970-я гады. Забяспечыць свабодны доступ да ўсіх дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні больш за 75 гадоў, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам не могуць падпадаць пад абмежаванне як таямніца асабістага жыцця.

3. Забяспечыць свабодны доступ (у тым ліку і праз інтэрнэт) да базы дадзеных “Звесткі аб неабгрунтавана рэпрэсаваных грамадзянах Беларусі”, якая знаходзіцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, бо наяўная ў ёй інфармацыя не падпадае ні пад якія законныя абмежаванні.

4. Устанавiць і назваць усе існуючыя ў Беларусі месцы масавых расстрэлаў і пахаванняў ахвяр рэпрэсій.

5. Пазначыць гэтыя месцы, усталяваць вакол іх адпаведныя ахоўныя зоны, назваць імёны пахаваных там ахвяраў палітычных рэпрэсій і прыняць усе меры па ўвекавечанні іх памяці.

6. Правесці поўную і канчатковую рэабілітацыю сотняў тысяч грамадзян: раскулачаных, ваеннапалонных, замежных грамадзян і г.д. Пры адсутнасці інфармацыі пра месцы адбыцця пакарання, а таксама высланых у адміністрацыйным парадку ў розныя рэгіёны СССР, звярнуцца на дзяржаўным узроўні да кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі і Казахстана з просьбай, каб кампетэнтнымі органамі быў праведзены пошук і складзеныя пайменныя спісы ўсіх рэпрэсаваных грамадзян БССР. Пры адсутнасці ў Беларусі звестак пра месцы расстрэлаў і пахаванняў, уключаючы Курапаты, на дзяржаўным узроўні звярнуцца да кіраўніцтва РФ, каб адпаведны пошук быў праведзены ў архівах ФСБ і МУС РФ.

7. Прызнаць адмаўленне сталінскіх рэпрэсій, іх апраўданне і прапаганду сталінізму, у залежнасці ад цяжару, адмiнiстрацыйным i крымінальным злачынствам, для чаго ўнесці адпаведныя змены ў адпаведныя Кодэксы.

Рэзалюцыя адкрыта для падпісання ўсімі зацікаўленымі ва ўстанаўленні ісціны, устанаўленні імёнаў і шанаванні памяці ўсіх нявінна пацярпелых ад рэпрэсій грамадзян, партый, рухаў, кампаній, арганізацый і інш.

Нельга ставіць помнік у Курапатах, не назваўшы імёны рэпрэсаваных

Удзельнікі форума з “рарытэтным” банэрам з лютаўскай абароны Курапат.

Фота Службы інфармацыі “ЕўраБеларусі”