Паводле «Dziennik. Gazeta Prawna», у лісце кіраўнік TVP сцвярджае, што хоць і бачыць патрэбу ў існаванні тэлеканалу для Беларусі, польскае тэлебачанне не дасць рады фінансаваць яго самастойна.

«Гэта не ўльтыматум, а спроба выратаваць гэты тэлеканал» – адзначыў Курскі.

Супраца МЗС з TVP пры стварэнні «Белсату» сканчаецца. Міністэрства адмаўляецца фінансаваць канал паводле дамовы, якая існавала ад 2007 года. Рашэнне пачне дзейнічаць 31 снежня.

«Я не хачу быць кіраўніком, пры якім спыніць існаванне “Белсату”, але трансляцыя каналу для гледачоў за мяжою не зʼяўляецца статутнай дзейнасцю TVP. Мы рабілі гэта паводле дамовы з МЗС. Таму я звярнуўся да міністра Вашчыкоўскага з пытаннем, ці ён не перадумаў», – дадае Курскі.

МЗС яшчэ не адказала на ліст Курскага. У прэс-службе польскага МЗС заявілі, што інфармацыя з’явіцца «пасля падрыхтоўкі і адпраўкі адказу генеральнаму дырэктару TVP», праца над якім «вядзецца». Ліст  кіраўніка TVP таксама перадалі прэмʼер-міністру Польшчы Бэаце Шыдла.

Паводле апошніх даследванняў, Белсат глядзяць 10 % дарослых беларусаў (больш за 750 000), кожны трэці беларус ведае пра канал, а нашая аўдыторыя за 3 гады павялічылся ўдвая.

Яцэк Курскі і Вітальд Вашчыкоўскі. Фота PAP