У параўнанні з першай паловай мінулага года імпарт нафты ў фізічным выражэнні скараціўся на 21,1%, або на 2,4 млн тон.
 
Як паведамлялася раней, зніжэнне імпарту нафты абумоўленае тым, што да красавіка 2017 года Расея з-за спрэчкі ў газавай сферы абмяжоўвала аб’ёмы вуглевадароднай сыравіны, якая пастаўляецца Беларусі.
 
Пры гэтым уся нафта, што паступіла ў Беларусь у студзені—чэрвені 2017 года, была расейскай, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.
 
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін заявіў на мінулым тыдні аб неабходнасці звязаць пастаўкі нафты на беларускія НПЗ з транспартаваннем выпрацаваных нафтапрадуктаў цераз Расею.
 
Як паведаміла прэс-служба Крамля, падчас нарады з удзелам Пуціна кіраўнік Расейскіх чыгунак Алег Белазёраў паскардзіўся, што беларусы адмаўляюцца ад паслуг расейскіх чыгунак на карысць прыбалтыйскай інфраструктуры.
 
„Па нафтаналіве мы далі 50-працэнтную зніжку для перавозкі з беларускіх заводаў. Але беларускія заводы пакуль не выкарыстоўваюць ні Усць-Лугу, ні Санкт-Пецярбург, а едуць у рэспублікі Прыбалтыкі. Мы вядзем дыскусію, яны кажуць, што ў іх доўгатэрміновыя кантракты на гэтую тэму заключаныя, але мы стараемся выбудоўваць з імі дыялог”, — прыводзіць прэс-служба Крамля словы Белазёрава.
 
Рэагуючы на гэтыя словы, Пуцін звярнуў увагу, што Беларусь атрымлівае толькі расейскую нафту, і таму трэба ўвязаць гэтае пытанне з транспартаваннем беларускіх нафтапрадуктаў цераз расейскія парты.
 
„Гэта трэба абмяркоўваць у больш шырокім фармаце, бо на беларускіх НПЗ перапрацоўваецца наша нафта, іншай няма і наўрад ці з’явіцца. Таму гэта трэба запакетаваць — ад атрымання нашай нафты да адпаведных пытанняў выкарыстання нашай інфраструктуры. Вось і ўсё, і мы, думаю, тады досыць хутка пра гэта дамовімся. Гэта ж нікому не на шкоду, аднак трэба, каб усе атрымлівалі выгаду ад комплексу сумеснай працы”, — падкрэсліў Пуцін 16 жніўня ў Калініградскай вобласці на нарадзе па развіцці транспартнай інфраструктуры Паўночнага Захаду РФ.
 
У сваю чаргу прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс у інтэрв’ю радыёстанцыі Ziniu radijas на мінулым тыдні заявіў, што ў выпадку калі Расея прымусіць Беларусь экспартаваць нафтапрадукты цераз яе жалезныя дарогі і парты, гэта можа быць эканамічна нявыгадна і небяспечна для Мінска.
 
„Накіраванне грузаў па чыгунках Расеі цераз парты Расеі для Беларусі можа быць і нявыгаднае эканамічна, і небяспечнае стратэгічна, калі мець на ўвазе, што гэтыя (расейскія) парты замярзаюць і кліматычныя ўмовы там зусім іншыя. Гэта асабліва адчувальна, калі гаворка ідзе пра перавозку нафтапрадуктаў”, — падкрэсліў кіраўнік літоўскага ўрада. belapan.com, перадае Беларускае Радыё Рацыя.
 
Фота з адкрытых крыніц