Адзін з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, які бачыў Беларусь сялянскай нацыяй. Адначасова дзве жанчыны лічылі яго сваім мужам, а ягоная магіла да сённяшняга часу невядомая. Усё гэта Тамаш Грыб (1895-1938), прэзентацыя кнігі якога “Выбранае” прайшла ў Гродна 17 жніўня ў Цэнтры гарадскога жыцця.

“За Беларусь без апоры на суседзяў”. У Гродне прэзентавалі кнігу Тамаша Грыба

Укладальнікамі кнігі сталі гісторыкі Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч. У выданні знайшлі месца, зразумела, далёка не ўсе творы беларускага грамадскага дзеяча, а менавіта тыя, якія раскрываюць яго філасофскія погляды. Наталля Гардзіенка адзначыла: “Творчая спадчына, якую ён пакінуў да сёння застаецца недаацэненай і недавывучанай… І калі казаць пра важнасць і вартасць, яе каштоўнасць у тым, што яна і сёння, праз 80-90 гадоў пасля напісання, чытаецца актуальна, цікавая і важная для нас. Тыя асэнсаванні задач, якія стаялі перад беларускай нацыяй у 1920-х гадах – яны застаюцца і сёння, кладуцца на нашую рэчаіснасць. Асэнсаванне своеасаблівага трэцяга шляху ў развіцці Беларусі без апоры на суседзяў – вось гэта тое важнае і цікавае, што можна ўбачыць у гэтых тэкстах”.

Кніга “Выбранае” выйшла ў падсерыі “Спадчына: агледзіны”, заснаванай пры падтрымцы Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. На сёння ў друку знаходзіцца ўжо другая кніга, якая будзе прадстаўляць спадчыну малавядомага беларускага дзеяча 1920-1930-х гадоў – Уладзіміра Самойлы, апякуна Янкі Купалы, літаратурнага крытыка, які працаваў у музеі ў Вільні і быў вядомым на той час журналістам. Выданне пабачыць свет у верасні.

“За Беларусь без апоры на суседзяў”. У Гродне прэзентавалі кнігу Тамаша Грыба

“За Беларусь без апоры на суседзяў”. У Гродне прэзентавалі кнігу Тамаша Грыба

Фота аўтара