Паводле яго слоў, каб павысіць прыбытковасць, прадпрыемства “пайшло на экспарт”, асвойвае новыя рынкі, напрыклад Сірыю, Ірак.

“У Сірыі эканоміка разбомбленая, грошай у іх няма, — сказаў гендырэктар. — Мы выйгралі конкурс на пастаўку туды лекавых сродкаў прыблізна на 1 млн еўра, а пастаўляць не можам, таму што грошы не паступаюць. Тое ж самае з Іракам. Мы гатовыя там працаваць, але калі няма своечасовай аплаты, прадпрыемству складана дасягаць эканамічнага поспеху”.

Кахавец адзначыў, перадае БелаПАН, што прадпрыемства выконвае сацыяльную задачу, забяспечваючы беларускі рынак лекамі, але з-за таго, што кошт лекавых сродкаў не ўзнімаецца, прыбытак кампаніі падае.

“Мы абавязаныя абнаўляць вытворчасць хаця б раз на дзесяць гадоў, — сказаў ён. — Сёння мы не можам гэтага рабіць, таму што наша прыбытковасць на знешніх рынках значна ніжэйшая, чым на ўнутраным. А на ўнутраным рынку велізарная канкурэнцыя. Таму трэба вырашаць, як выводзіць нашых прыватных партнёраў сумесна з дзяржпрадпрыемствамі на знешнія рынкі”.

Кіраўнік прадпрыемства паведаміў, што “Белмедпрэпараты” летась “сур’ёзна дабавілі па экспарце” і сёлета яго рост складае 143% у параўнанні з мінулым годам. “Але нашы прыватныя кампаніі нас не даганяюць, таму што для выхаду на экспарт патрэбныя сур’ёзныя грошы, у першую чаргу на сертыфікацыю вытворчасці. Мы росту свайго экспарту дасягнулі за кошт таго, што атрымалі міжнародныя сертыфікаты GMP, якія дазваляюць нам рэгістраваць свае прэпараты ў многіх краінах”, — сказаў ён.

Паводле слоў Кахаўца, сёння нават такія краіны, як Ірак, В’етнам, займаюць пэўную пазіцыю. “Яны не проста прыязджаюць і хапаюць усё, што мы вырабляем, а патрабуюць сертыфікат GMP на вытворчыя пляцоўкі”, — адзначыў ён.

Яшчэ адна праблема — будучае абнаўленне сертыфікатаў. “Тэрмін іх дзеяння ў студзені заканчваецца, трэба працягваць. А гэта вельмі дарагая працэдура. І не толькі сама працэдура праходжання аўдыту, але і мерапрыемствы, якія паводле вынікаў гэтага аўдыту мы павінны карэктаваць”, — падкрэсліў кіраўнік прадпрыемства.

“Таму мы павінны даказваць ўраду, што цэны ў нас на ўнутраным рынку не павінны стаяць, яны павінны рухацца ў адпаведнасці з сусветнымі трэндамі, інакш мы зноў прывядзем прадпрыемствы да стагнацыі, — заявіў Кахавец. — А адсутнасць развіцця не дасць магчымасці асвойваць новыя прадукты, у тым ліку дарагія, на якіх можна зарабляць на знешніх рынках”.

Паводле слоў дырэктара дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Віктара Шэіна, зараз крыху больш за 10 пазіцый айчынных лекавых сродкаў роўныя па цане імпартным аналагам. “Кошт ўсіх астатніх 1.490 пазіцый ніжэйшы за імпартныя аналагі, — заявіў ён. — У агульнай структуры цаны да 85% беларускіх лекаў каштуюць да 5 долараў, з іх прыблізна траціна — да 2 долараў”.

 
Фото: google.by