Па заяве бака-пераможцы на рахункі «Крумкачоў» могуць у любы момант накласці арышт, а таксама пачаць апісваць маёмасць, паведамляе Белсат са спасылкай на «Трыбуну».

У студзені 2016 года БАТЭ прадаставіў беспрацэнтную пазыку «Крумкачам» на адзін год у памеры $ 150 тыс. Дзякуючы гэтай пазыцы менскі клуб змог забяспечыць фінансавыя гарантыі перад Беларускай федэрацыяй футболу і атрымаць ліцэнзію на ўдзел у вышэйшай лізе.

Паводле ўмоваў дамовы пазыкі ФК «Крумкачы» павінен быў вярнуць палову сумы ў леташнім жніўні, другую палову – у леташнім снежні. Фінансавыя вынікі дзейнасці клубу не дазволілі зрабіць гэта нават часткова.

У пачатку 2017 года, пасля некалькіх папярэджанняў аб неабходнасці вяртання пазыкі, Эканамічны суд Менскай вобласці вынес вызначэнне аб спагнанні пазыкі ў загадным парадку. Старшыня «Крумкачоў» Дзяніс Шунто заяўляў, што клуб вярнуў БАТЭ $ 35 тыс. Пасля стала вядома, што «Крумкачы» парушаюць графік выплат пазыкі барысаўскаму клубу.