Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатовая развіваць узаемадзеянне па ўсіх напрамках, якія могуць быць цікавыя Афганістану. “Можам гэта зрабіць з удзелам трэціх краін. Скажу шчыра: мы вельмі часта, сустракаючыся з прэзідэнтам Туркменістана, абмяркоўвалі тэму Афганістана і напрамкі сумеснага супрацоўніцтва. Я прасіў яго, каб ён дапамог мне ўсталяваць адносіны з кіраўніцтвам Афганістана, каб мы зрушылі з мёртвага пункта, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Таму будзьце ўпэўненыя, што ваш візіт будзе напоўнены канкрэтнымі мерапрыемствамі. Усё, што вы пажадаеце, мы вам пакажам, раскажам. Калі мы будзем здольныя дапамагчы нашаму дружалюбнаму афганскаму народу ў аднаўленні гаспадаркі, яе развіцці, думаю, мы гэта зробім”.
Беларускі бок ужо праводзіў перамовы з высокімі службовымі асобамі Афганістана, дадаў Лукашэнка. “Тым не менш, я ўпэўнены, што гэты ваш візіт адкрые новую старонку супрацоўніцтва нашых дзяржаў”, — мяркуе ён.
Беларускі кіраўнік таксама павіншаваў прэм’ер-міністра Афганістана з надыходам нацыянальнага свята — Дня Незалежнасці.
Лукашэнка і Абдула сустракаліся ў красавіку 2016 года на палях саміту Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва ў Стамбуле. Тады прэзідэнт Беларусі прапанаваў Афганістану стварыць неабходную для развіцця супрацоўніцтва нарматыўна-прававую базу, заключыўшы дагаворы аб узаемнай падтрымцы і абароне інвестыцый, а таксама вызначыць тры-чатыры фундаментальныя сумесныя праекты.
Акрамя сустрэчы з Лукашэнкам у праграме цяперашняга афіцыйнага візіту прэм’ер-міністра Афганістана ў Беларусь — перамовы з кіраўніком урада Андрэем Кабяковым у вузкім і пашыраным складах, паводле вынікаў якіх плануецца падпісанне міжнародных дакументаў, наведванне шэрагу прадпрыемстваў, у тым ліку МТЗ, МАЗа, ААТ “Амкадор”, “БелОМА — ММЗ імя С.І.Вавілава”, агракамбіната “Дзяржынскі”.
Фото из открытых источников