“Бацька піша лісты. Ніякіх следчых дзеянняў пакуль не вядзецца. Адвакат кантактуе з ім. Кажа, што трымаецца мужна. А сам бацька напісаў, што пагаліў вусы. У камеры, у якой ён утрымліваецца ў СІЗА на Валадарцы, 16 чалавек. Прыборку робяць тры разы на дзень. Па “валадарскіх“ мерках, гэта яшчэ ня вельмі шмат: калі я сядзеў праз так званую “справу патрыётаў“, у камеры было 30 чалавек. Ставяцца да яго ў СІЗА больш-менш па-чалавечы, піша бацька.
 
У першыя пару дзён была праблема з лекамі. Яму трэба некалькі разоў на дзень капаць адмысловыя кроплі ў вочы. У СІЗА не хацелі лекаў прымаць, маці дамагалася, хадзіла да начальства, і на трэці дзень лекі перадалі. Перадачы прымаюць, вось і сёння мы аднеслі яму харчы.
 
Збіраемся выпісаць бацьку газеты і часопісы», — распавёў Свабодзе сын Ігара Комліка Андрэй.
 
***
 
2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых раследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік змешчаны спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачванне паводле артыкулу 243, часткі 2 («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачванье выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Фядынічу і Комліку пагражае пакаранне ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.
 
Сын Комліка Андрэй Комлік-Ямацін адседзеў за кратамі 100 дзён — з 21 сакавіка па 29 жніўня, сядзеў спачатку ў СІЗА КБД, потым — у СІЗА № 1. Яго абвінавачвалі паводле часткі 3 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу («Навучанне і падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках»), а таксама ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.
Фота Васіля Сямашкі