Пра гэта заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава 14 жніўня на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме.

Паводле яе слоў, «трэба не толькі выйсці ў снежні на гэты параметр, але і ўтрымаць яго». «Пастаўлена задача да 1 кастрычніка прыняць абноўлены дэкрэт № 3. Акцэнт пераносіцца на мясцовыя органы ўлады. Вы павінны адсачыць кожнага чалавека, скласці вывераныя спісы — прапаноўвайце людзям працу, дапамагайце ім з працаўладкаваннем», — цытуе Качанаву дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Качанава падкрэсліла, што жорсткае патрабаванне з кіраўнікоў сталіцы будзе за выкананне прагнозных паказчыкаў па працаўладкаванні на новыя працоўныя месцы, росце заработнай платы і прыцягненні прамых замежных інвестыцый. «Усе пытанні, якія тычацца працы прадпрыемстваў і арганізацый, пытанні, ад якіх залежыць жыццё людзей на тэрыторыях, павінны вырашацца адказна і аператыўна. Прагнозныя паказчыкі ў сталіцы павінны быць забяспечаны, трэба прыняць для гэтага ўсе неабходныя меры», — сказала яна.

Качанава таксама звярнула ўвагу на неабходнасць «дашліфаваць парадак у Мінску». «Да ўтрымання тэрыторый у цэнтры сталіцы, як паказаў аб`езд, пытанняў няма. Чаго не скажаш пра дваровыя тэрыторыі на ўскраінах. Усе, хто прыязджае ў Мінск, адзначаюць, што горад прыгожы і чысты. Але трэба парадак дашліфаваць — ёсць праблемныя месцы», — заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Чыноўніца зрабіла акцэнт на аб`ектах незавершанага будаўніцтва: «Вазьміце сітуацыю на кантроль — пытанні трэба аператыўна вырашаць, зацягваць з гэтым нельга».

На яе думку, перадае БелаПАН, выкананне пастаўленых Мінску задач рэальнае, паколькі «патэнцыял у сталіцы значны». «Пастаўлена задача — выконвайце, даводзьце да лагічнага завяршэння», — заявіла Качанава. Яна падкрэсліла, што ў краіне «выбудаваная нармальная, сур`ёзная праца па ўсёй вертыкалі».

Паводле звестак Белстата, у чэрвені сярэдняя намінальная налічаная зарплата па краіне склала 819,3 рубля. Сярод рэгіёнаў найбольшая сярэднямесячная налічаная зарплата ў чэрвені традыцыйна была зафіксавана ў Мінску — 1.089 рублёў (каля 560 долараў па цяперашнім курсе).

Аляксандр Лукашэнка 11 жніўня заявіў аб тым, што прадпрыемствы з нізкай зарплатай неабходна ў 2018 годзе падцягнуць да ўзроўню 1 тыс. рублёў. Калі гэта будзе выканана, то сярэдняя зарплата па краіне ў наступным годзе можа дасягнуць 1,5 тыс. рублёў. «Трэба стабільна выходзіць на сярэднюю зарплату, і у 2018 годзе самую нізкую падцягваць да ўзроўню сярэдняй», — распарадзіўся кіраўнік дзяржавы.

 
Фота: google.by