Міжведамасная камісія па міжнародным гандлі праверыць усе пастаўкі — незалежна ад краіны паходжання. Але ўжо зараз можна сказаць, што справа закранае інтарэсы Беларусі, якая пастаўляе ва Украіну 99% сернай кіслаты ад агульнага аб’ёму.

Па звестках Дзяржстата Украіны, на якія спасылаецца «Інтэрфакс-Украіна», перадае Еўрарадыё, імпарт сернай кіслаты і олеўма ва Украіну ў студзені-траўні 2017 года склаў 20,33 тысячы тон на суму $543,3 тысячы. Асноўным пастаўшчыком выступае Беларусь — 20,13 тысячы тон на $531,3 тысячы.

У Белстата крыху іншыя, але супастаўныя лічбы. За студзень — травень 2017 года тры беларускія вытворцы сернай кіслаты: Гомельскі хімічны завод«Гродна азот» і ААТ «Нафтан» — экспартавалі 40,556 тысячы тон на $790,3 тысячы. З іх ва Украіну — 20,44 тысячы тон на $484,6.

На думку незалежнага аналітыка Сяргея Чалага, серную кіслату наўрад ці можна назваць «новымі разбаўляльнікамі і распушчальнікамі»: сумы, пра якія ідзе гаворка, абсалютна не тыя. Новая «гандлёвая вайна» паміж Украінай і Беларуссю, хутчэй за ўсё, тлумачыцца тым, што ў нас экспарт субсідуецца на дзяржаўным узроўні. Таму беларуская серная кіслата і можа каштаваць ва Украіне танней за серную кіслату іх уласнай вытворчасці:

«Гандлёвыя войны [з Украінай] адбываюцца рэгулярна. І «адбівацца» ад абвінавачанняў у дэмпінгу нам вельмі складана. У нашай краіне з шырокай практыкай дзяржаўнай падтрымкі экспарт даволі часта субсідуецца», — каментуе Сяргей Чалы.

Заяўнікам, пасля якога ва Украіне пачалася праверка, стала прадпрыемства «Усходні горна-абагачальны камбінат» — адзіны ўкраінскі вытворца сернай кіслаты. У выніку вонкавых паставак аб’ёмы продажу прадукцыі «УсхГАК» на ўнутраным рынку ў 2015 і 2016 гадах знізіліся адпаведна на 5% і 8% у параўнанні з 2014 годам, аб’ёмы вытворчасці — на 5% і 6%. З завода давялося скараціць 6% і 8% рабочых адпаведна.

Прааналізаваўшы сітуацыю ў дынаміцы, камісія ўжо прыйшла да высновы, што «на працягу даследуемага перыяду [2014-2016 гады] імпартныя цэны былі ніжэйшыя за цэны заяўніка (акрамя 2016 года) і сабекошт яго вытворчасці». Пры гэтым сёлета сярэдні кошт тоны беларускай сернай кіслаты, што ідзе на імпарт ва Украіну, стаў яшчэ ніжэйшым. Ён скараціўся амаль на 30% — з $34 за тону ў студзені — траўні 2016 года да $24 за аналагічны перыяд 2017 года.

Скрыншот 7-themes.com з серыяла Breaking Bad.