“Мы пад 10 млн тон збожжавых можам сабраць разам з рапсам і кукурузай. Сёння да вечара мы палову хлеба збярэм”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, завяршыць уборку ўраджаю да 20 жніўня, як таго раней запатрабаваў кіраўнік дзяржавы, павінны ўсе вобласці, за выключэннем Віцебскай.

“Па Віцебскай вобласці дамовімся так: трэба спыніць слухаць закалыхванне кіраўнікоў, губернатара Віцебшчыны. Калі мы бачым, што там добры хлеб, яго трэба збіраць, перакідваць туды тэхніку. Паўстане праблема з сушылкамі. Таму мы прама з поля забіраем зерне, вязем на элеватары, перапрацоўваем, не крыўдзячы сялян. Хлеб з палёў трэба сабраць”, — сказаў афіцыйны лідар.

Як паведамляе прэс-служба, перадае БелаПАН, Лукашэнка праінфармаваны аб тым, што дзяржаўны заказ па збожжы будзе выкананы ў поўным аб’ёме. “Мы 860 тысяч тон хочам нарыхтаваць. Давайце дамовімся, што да 1 млн тон, можа быць, крыху больш. Але добры хлеб, калі ёсць жаданне прадаць, трэба забраць і зрабіць абмен старых рэзерваў — мінулага, пазамінулага гадоў. Стары трэба аддаць на корм, а закласці з новага ўраджаю, таму што збожжа добрае сёлета”, — лічыць ён.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым адзначыў актывізацыю ходу ўборачнай кампаніі. “Адчуваю, што ва ўборку добра ўсе ўцягнуліся, нікога папракаць не трэба, але 10-15% хуткасці трэба дадаць”, — сказаў ён.

Заяц паскардзіўся на перабоі з адгрузкай у гаспадаркі грануляваных угнаенняў. “Ва ўрадзе хай неадкладна прымуць рашэнне. Просьбу па ўгнаеннях трэба задаволіць”, — заявіў Лукашэнка.

Ён таксама даручыў кантраляваць эфектыўнае выкарыстанне паліва гаспадаркамі.

Падчас паездкі кіраўнік дзяржавы наведаў рэканструяваную малочнатаварную ферму “Квасевічы” ў Івацэвіцкім раёне, дзе яму далажылі аб выкананні даручэнняў па рэканструкцыі і тэхнічным перааснашчэнні жывёлагадоўчых ферм, вытворчасці экспартна арыентаванай прадукцыі.

Лукашэнка даручыў завяршыць будаўніцтва малочнатаварных ферм у краіне за 2017—2018 гады. “У нас іх няшмат засталося. Трэба прыкладна 80 млн долараў, але гэта па падліках. А пачнем будаваць, так і ў 50 млн укладземся. Гэтыя фермы мы павінны пабудаваць у гэтым і наступным годзе”, — упэўнены афіцыйны лідар.

 
© Sputnik