2 жніўня супрацоўнікамі дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю былі праведзены масавыя вобыскі ў офісах Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП), у кватэрах старшыняў прафсаюзаў РЭП і БНП Генадзя Фядыніча і Мікалая Зіміна, старшыні мінскай гарадской арганізацыі, галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка, сакратара-казначэя БНП Сняжаны Грыневіч, былога кіраўніка сайта praca-by.info Наталлі Пічужкінай. У выніку вобыскаў канфіскаваныя ўсе цвёрдыя дыскі камп’ютараў, арыштаваны офіс прафсаюза РЭП, асабістая маёмасць Г.Фядыніча і І.Комліка“, — адзначаецца ў заяве.

У дачыненні да Фядыніча і Комліка распачата крымінальная справа за “ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйных памерах”.

Комлік з 2 жніўня знаходзіцца ў турме. “Савет прафсаюза лічыць гэту акцыю ўладаў выключна палітычнай, звязанай перш за ўсё з актыўнай дзейнасцю прафсаюза і яго лідара па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў грамадзян. Гэтыя дзеянні ўладаў накіраваныя на ліквідацыю незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі і груба парушаюць Канвенцыю МАП № 87 “Аб свабодзе аб’яднанняў“, — лічаць у савеце прафсаюза РЭП.

Аўтары патрабуюць неадкладна вызваліць Ігара Комліка, спыніць крымінальны пераслед Фядыніча і Комліка і зняць з іх “усе беспадстаўныя абвінавачанні”, спыніць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы прафсаюза.

4 жніўня намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю, кіраўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў Ігар Маршалаў заявіў газеце “Советская Белоруссия”, што палітычнай падаплёкі ў гэтай крымінальнай справе няма.

На фота Генадзь Фядыніч