Адбылося гэта падчас рэстаўрацыйна-археалагічных работ каля паўднёвай сцяны Спаса-Прэабражэнскага храма Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Як інфармуеафіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы, знаходку зрабіў супрацоўнік Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Аляксандр Салаўёў. Паводле яго слоў, перадае Еўрарадыё, такія пячаткі звычайна прымацоўваліся да дакументаў. Дарэчы, у 2015 годзе ў гэтым месцы (там была сцяна XII ст.) ўжо знаходзілі іншую пячатку.

Знойдзеная цяпер пячатка двухбаковая. На адным яе баку можна пабачыць выяву Ефрасінні Александрыйскай, патронкі Ефрасінні Полацкай. На іншым баку — выява Хрыста, якая супадае з выявай на фрэсцы, якая захавалася ў Спаса-Прэабражэнскім храме. Навукоўцы прызналі, што знойдзена пячатка Ефрасінні Полацкай і манастыра.

Ефрасіння Полацкая (1104? — 1167) — беларуская асветніца, манахіня, ігумення праваслаўнага манастыра ў Полацку, дачка малодшага сына князя Усяслава Брачыслававіча Святаслава-Георгія. Кананізаваная праваслаўнай царквой.

Фота: church.by