Кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне Аляксандра Пазняка старшынёй Аршанскага райвыканкама. Да гэтага ён быў памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Віцебскай вобласці.

Алег Паскробка, які раней працаваў першым намеснікам міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, узначаліў Салігорскі райвыканкам.

Таксама ўзгодненыя прызначэнні Уладзіміра Бялова — старшынёй Ганцавіцкага райвыканкама, Аляксандра Дарашэнкі — старшынёй Драгічынскага райвыканкама, Андрэя Булаўкіна — старшынёй Бешанковіцкага райвыканкама, Паўла Налівайкі — старшынёй Асіповіцкага райвыканкама і Дзмітрыя Рубана — старшынёй Хоцімскага райвыканкама.

Як заявіў Лукашэнка падчас узгаднення прызначэнняў, найбліжэйшым часам ён мае намер наведаць праблемныя гаспадаркі ў розных рэгіёнах Беларусі. “У маіх падарожжах (я ўжо хачу адкрыць гэты сакрэт) у Брэсце, потым на Магілёўшчыне, потым на Віцебшчыне першае пытанне ў раёне будзе: “Якія праблемныя гаспадаркі?” Паедзем, паглядзім на гэтыя праблемныя гаспадаркі”, — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, перадае БелаПАН, што адсталым прадпрыемствам кіраўнікі мясцовых органаў улады павінны надаваць асаблівую ўвагу. “Не забывайце, што проста бяздумна ездзіць па раёне, матацца па ўсіх гаспадарках не трэба. У вас тры-чатыры, можа, у кагосьці пяць праблемных гаспадарак. Займіцеся імі, гэта ваша аблічча. Я гэта заўсёды буду памятаць і патрабаваць. Натуральна, і ўсе мае падначаленыя з гэтага будуць зыходзіць”, — заявіў афіцыйны лідар.

 
Фота: google.by