Як паведамлялася раней, сёння кіраўнік дзяржавы даў згоду на прызначэнне старшынёй Аршанскага райвыканкама Аляксандра Пазняка, які раней займаў пасаду памочніка прэзідэнта — інспектара па Віцебскай вобласці. Гэтае прызначэнне адбылося праз тры месяцы пасля таго, як Аршанскі райвыканкам ўзначаліў Леанід Пянькоўскі, былы кіраўнік Бешанковіцкага раёна.

Паводле слоў Лукашэнкі, перадае БелаПАН, такія буйныя раёны, як Аршанскі, маюць патрэбу ў моцных кадрах, што могуць паказаць прыклад астатнім раённым цэнтрах, у якім кірунку рухацца далей. «Сёння Орша не проста на слыху. Такіх у нас некалькі рэгіёнаў, і на прыкладзе Оршы мы павінны паказаць, як будзем іх развіваць», — цытуе прэзідэнта дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

Аляксандр Пазняк, паводле слоў Лукашэнкі, — кіраўнік, які пагружаны ў гэтыя пытанні. Накіроўваць у раён новага чалавека з боку — значыць адцягнуць мінімум на паўгода аднаўленне рэгіёна. «Яго рэканструяваць, мадэрнізаваць трэба — гэта вам прэзідэнцкае даручэнне. Без маёй увагі вы там не застанецеся. Я некалькі разоў на год там звычайна бываю, і для мяне гэтае пытанне прынцыповае», — сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Пазняка.

16 красавіка Лукашэнка падчас наведвання Барані паабяцаў найбліжэйшым часам разгледзець на ўрадавым узроўні праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна.

22 мая на сустрэчы з кіраўніком спраў прэзідэнта Віктарам Шэйманам і памочнікам кіраўніка дзяржавы па агульных пытаннях Мікалаем Корбутам Лукашэнка паставіў задачу на працягу максімум паўтара года аднавіць усе прадпрыемствы ў Оршы і вырашыць праблему занятасці ў раёне.

23 мая ўрад правёў ў Аршанскім раёне выязное пасяджэнне, на якім дэталёва абмеркаваў праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.

4 ліпеня Лукашэнка падпісаў пакет дакументаў, скіраваных на развіццё Аршанскага раёна.

 
Фота: google.by
 
Фота: google.by