“Я вельмі разлічваю, што вы нам дапаможаце вярнуцца ў эліту спартыўнай гімнастыкі, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Вы ведаеце, што ў нас была выдатная школа. Але, на жаль, мы яе згубілі. У адрозненне ад Японіі — краіны, якая была і засталася на гэтай вяршыні”.

Ён адзначыў важнасць праведзенага на мінулым тыдні ў Мінску этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, падкрэсліўшы, перадае БелаПАН, што падрабязна пра яго інфармаваны. Паводле слоў Лукашэнкі, яго не пакідае думка, што “мастацкая гімнастыка — гэта той від спорту, дзе яшчэ вельмі шмат суб`ектывізму”.

“Магчыма, вы будзеце тым чалавекам, які гэты суб`ектывізм панізіць блізка да нуля, — сказаў ён Марынары Ватанабэ. — Яго выкараніць будзе вельмі складана, але змагацца з гэтым трэба”. Паводле слоў беларускага афіцыйнага лідара, Міжнародная федэрацыя гімнастыкі ў гэтым працэсе заўсёды можа спадзявацца на падтрымку Беларусі.

“Вы можаце ёю скарыстацца ў любы час, — запэўніў Лукашэнка. — Так думаю не толькі я, але і пераважная колькасць спецыялістаў, спартсменаў, трэнераў, якія непасрэдна займаюцца гімнастыкай”.

Ён таксама павіншаваў Марынары Ватанабэ з паспяховым выступленнем спартсменаў з Японіі. Кіраўнік дзяржавы лічыць важным абмен вопытам паміж спартсменамі дзвюх краін.

Кіраўнік Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі ў сваю чаргу выказаў меркаванне, што ў беларускіх спартсменаў ёсць патэнцыял для заваёвы большай колькасці медалёў у мастацкай гімнастыцы, скачках на батуце, спартыўнай гімнастыцы на наступных Алімпійскіх гульнях у 2020 годзе ў Японіі.

Марынары Ватанабэ лічыць неабходным прыкладаць больш намаганняў для развіцця спорту ў Беларусі. Ён звярнуў увагу на той факт, што рэспубліка заваявала залаты медаль у скачках на батуце на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра. “Гэта адна з дысцыплін, якая аб`ядноўвае нашы федэрацыі”, — сказаў ён.

“Паколькі наступныя Алімпійскія гульні будуць праходзіць у Японіі, на маёй радзіме, калі ласка, не саромейцеся прасіць мяне, калі я чымсьці магу вам дапамагчы”, — дадаў прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі гімнастыкі.

 
Фота з адкрытых крыніц