Скарыстайцеся магчымасцю пахадзіць басанож па траве — на ступнях змяшчаецца мноства кропак, якія адказваюць за работу арганізма, у тым ліку за добрую тэрмарэгуляцыю. Не піце салодкае, аддайце перавагу пітной або мінеральнай вадзе, якая адновіць водна-салявы баланс. Насіце шляпу, якая абароніць ад ультрафіялету не толькі пяшчотную скуру, але і вочы. І яшчэ некалькі слушных парад ад тэрапеўтаў.

Калі ў памяшканні няма чым дыхаць, пакладзіце пад язык лядзяш — у вас адкрыецца другое дыханне. На ніжнім баку языка знаходзіцца кропка, якая стымулюе работу сардэчна-сасудзістай сістэмы і танізуе арганізм.

Старажытныя кітайскія ўрачы былі ўпэўнены, што найлепшы напой у спёку — зялёны чай, які валодае «халоднай прыродай». Высокая тэмпература напою прымушае арганізм пацець. Выпарэнне са скуры забірае з сабой частку цеплыні, і ў выніку мы ахалоджваемся.

Стала спякотна на дачы? Адарвіце лісце мяты, разамніце ў руках і патрыце скроні сокам на працягу хвіліны — ментол дапаможа ахалодзіцца.

Немагчыма заснуць? Змачыце прасціну вадой — вільготная тканіна дапаможа ахалодзіцца і вярнуць сон.

Зрабіце зялёны суп. Натрыце агурок, парэжце зяленіва і заліце мінеральнай вадой — сілы адновяцца.

Устанавіце вентылятар унізе. Халоднае паветра цяжэйшае за гарачае, таму, калі вентылятар стаіць на падлозе, ён паднімае халаднаватае паветра ўгору, і дыхаць становіцца лягчэй.

Купіце пульверызатар, надзеньце яго на бутэльку з мінеральнай вадой і апырсквайце сябе кожныя 30 хвілін.

Насіце горны крышталь, які забірае гарачыню, але навобмацак застаецца халаднаватым.

Халаднаваты душ прыносіць палёгку ўсяго на некалькі хвілін і пагражае прастудай. А вось цёплы дапамагае натуральнай тэрмарэгуляцыі.

Карыстайцеся крэмамі на воднай аснове з УФ-абаронай.

Калі ёсць магчымасць, паспіце пасля абеду. Гэта забяспечыць запас сіл да вечара.

У спёку асабліва хутка з’яўляюцца свабодныя радыкалы, якія разбураюць сасуды і выклікаюць заўчаснае старэнне. Таму нам спатрэбіцца вітамін С — ешце па дольцы лімона, па 10 ягад чорных парэчак, якія змяшчаюць дзённую норму каштоўнага вітаміну.

Адчуваеце, што перагрэліся? Зрабіце глыбокі ўдых, пачакайце пару секундаў і выдыхніце. Паўтарыце 5 разоў.

Кладзіцеся спаць не пазней за 23.00 і прачынайцеся раней. Ранішняя прахалода дазволіць справіцца з мноствам спраў.

Не насіце нічога, што вас сціскае, каб не пагоршыць цыркуляцыю крыві і забеспячэнне арганізма кіслародам. Адна з асноўных праблем, з якой мы сутыкаемся ў спёку, дэфіцыт кіслароду.

Пры любой магчымасці плёскайцеся ў вадзе.

Асцярожна праветрывайце памяшканне, калі ў доме ёсць малыя дзеці

Першая дапамога пры цеплавым і сонечным удары

Хворага неабходна перанесці ў халаднаватае месца або цень, пакласці з прыўзнятай галавой. Адзенне зняць, галаву і вобласць сэрца ахалодзіць, але не рэзка, даць халаднаваты напой і панюхаць нашатырны спірт.