Інфармацыя пра гэта з’явілася раніцай 4 жніўня на сайце „БСБ Банка”. „У адпаведнасці з рашэннем агульнага сходу акцыянераў ЗАТ „БСБ Банк” з 4 жніўня 2017 года Дубкоў Сяргей Вітальевіч прызначаны старшынёй праўлення ЗАТ „БСБ Банк”. Ермакова Надзея Андрэеўна выбраная членам назіральнага савета, старшынёй камітэта па рызыках”, — гаворыцца ў паведамленні банка.
 
Прадстаўнікі банкаўскай супольнасці, каментуючы прызначэнне вядомых банкіраў на пасады кіраўнікоў камерцыйнага банка, выказалі меркаванне, што кадравыя рашэнні прынятыя ў сувязі з неабходнасцю забяспечыць стабілізацыю працы крэдытнай установы.
 
„Рашэнні аб прызначэнні вядомых банкіраў прынятыя ў мэтах стабілізацыі сітуацыі ў камерцыйным банку. Гэты крок супакоіць кліентаў, персанал, органы рэгулявання. Мяркуючы па ўсім, у камерцыйнага банка пасля гэтага скончыцца неспакойная паласа”, — выказаў думку суразмоўца БелаПАН.
 
Сяргей Дубкоў да прызначэння кіраўніком камерцыйнага банка з верасня 2015 года займаў пасаду намесніка старшыні праўлення дзяржаўнага „Белінвестбанка”, а да гэтага на працягу 17 гадоў працаваў у Нацбанку, у тым ліку намеснікам старшыні праўлення (у 2010—2015 гадах). Агульны стаж працы ў банкаўскай сферы — больш за 22 гады.
 
Надзея Ермакова ў 1996—2011 гадах працавала ў дзяржаўным „Беларусбанку”, займала пасаду намесніка старшыні і старшыні праўлення банка. У 2011-м была прызначаная кіраўніком Нацбанка і ўзначальвала яго да канца 2014 года. З 2015-га была старшынёй назіральнага савета „Банка БелВЭБ”.
 
У чэрвені Нацбанк адклікаў у „БСБ Банка” ліцэнзію на працу з дэпазітамі фізічных асоб. Нацбанк паведаміў, што такое рашэнне прынятае „з улікам выяўленых падчас праверкі банка парушэнняў і недахопаў у яго дзейнасці”, аднак не канкрэтызаваў, з чым яны звязаныя.
 
Фота: TUT.BY
 
Паводле звестак БелаПАН, месяц таму, падчас сустрэчы з групай эканамістаў, прадстаўнікі Нацбанка растлумачылі, што ў камерцыйнага банка з 2009 года выяўляліся парушэнні Банкаўскага кодэкса. Апошняя праверка зафіксавала парушэнне 109-га артыкула кодэкса (у ім пералічаныя патрабаванні да арганізацыі карпаратыўнага кіравання банкам, унутранага кантролю і кіравання рызыкамі). Акрамя гэтага, у цэнтральнага банка існавалі яшчэ шэраг „структурных пытанняў” да камерцыйнага банка, якім трэба было даць прававую ацэнку.
 
„БСБ Банк” па памеры актываў на 1 ліпеня 2017 займаў 17-е месца ў банкаўскай сістэме Беларусі (доля актываў у банкаўскай сістэме — 0,4%). Нарматыўны капітал на гэтую дату склаў 56,6 млн рублёў. Банк працуе на беларускім рынку з 2002 года, з’яўляецца генеральным спонсарам шэрагу буйных спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы, які пройдзе ў Менску з 4 па 6 жніўня.