Раней пракурор Алена Крупеніна прасіла суд пакараць 29-гадовага работніка «Кераміна» Андрэя Гаўраша трыма гадамі пазбаўлення волі, перадае Белсат. Адвакат настойваў на апраўданні падсуднага. Міліцыянт Салаўёў прасіў суд прысудзіць Гаўраша да абмежавання, а не пазбаўлення волі.

Нагадаем, Гаўраш абвінавачваўся ў тым, што 1 студзеня ў 6:45 на парозе ўласнай кватэры напаў на сяржанта міліцыі Руслана Салаўёва, знаходзячыся ў нецвярозым стане.

Паводле афіцыйнай версіі, міліцыянт Руслан Салаўёў прыбыў у адну з кватэраў, дзе група моладзі адзначала Новы год. Праваахоўнікаў выклікалі суседзі, якія скардзіліся на шум. Дзверы кватэры адчыніў Андрэй Гаўраш, які нібыта адразу пачаў паводзіць сябе «агрэсіўна і неадэкватна», спрабаваў завалодаць табельнай зброяй міліцыянта. У выніку канфлікту Салаўёў двойчы стрэліў у Гаўраша.

Сяржант Салаўёў, як высветлілася на папярэднім паседжанні суду, 1 студзеня ўпершыню за час службы выкарыстаў табельную зброю.