Зранку 1 жніўня быў афіцыйна апублікаваны ўказ №258, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 28 ліпеня і паводле якога ў Беларусі 1 верасьня ліквідуецца ўпраўленьне фармацэўтычнай прамысловасьці Міністэрства аховы здароўя і ад той жа даты ствараецца «холдынг па вытворчасьці фармацэўтычнай прадукцыі», паведамляе Радыё Свабода.

З указу стала вядома, што кантраляваць стварэньне холдынгу будзе Камітэт дзяржаўнага кантролю. Але ці будзе холдынг нейкім чынам падначалены або падсправаздачны Мінздароўя, з указу незразумела. Раней паведамлялася, што за міністэрствам пакінуць функцыі рэгуляваньня фармацэўтычнай галіны.

Якія прадпрыемствы ўвайдуць у холдынг, а якія не, таксама невядома. Раней паведамлялася, што «холдынг будзе адкрыты для ўваходжаньня прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці і любой ведамаснай падначаленасьці».

Холдынг, паводле ранейшых паведамленьняў, мае забясьпечыць «незалежнасьць органаў ліцэнзіяваньня, дзяржаўнай рэгістрацыі лекавых сродкаў і сэртыфікацыі вытворчасьці ад інтарэсаў вытворцаў дзяржаўнай формы ўласнасьці», а аб’яднаньне прадпрыемстваў у холдынг дазволіць аптымізаваць выдаткі і структуру кіраваньня, падвысіць кошт прадпрыемстваў і іхную канкурэнтаздольнасьць.

Фота з адкрытых крыніц