У якасці адказчыкаў выступаюць тэлеканал ОНТ, вядучая тэлепраграмы “Нашы навіны” Кацярына Тышкевіч, Міністэрства ўнутраных спраў і кіраўнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Нагодай для звароту ў суд стаў відэасюжэт “Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Мінску, застанецца ў СІЗА да рашэння суда”. Ісцец лічыць, што пад “хуліганам-анархістам” разумеўся ён. 12 сакавіка менавіта Касінераў правёў рэзанансны перформанс — накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога, усталяваную насупраць будынка МУС, выказаўшы такім чынам свой пратэст супраць міліцэйскага самавольства ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстных акцый. Пасля перформансу Касінераў быў затрыманы і больш за месяц правёў пад вартай паводле абвінавачання ў хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК). Суд пастанавіў пакараць яго штрафам у пяць базавых велічынь.

Згаданы сюжэт быў паказаны па ОНТ, калі Касінераў знаходзіўся пад вартай. Кіраўнік мінскай міліцыі Барсукоў у тэлеэфіры адзначыў: “Гэта просты хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку. І некаторыя так званыя праваабарончыя арганізацыі спрабуюць зрабіць з яго нейкую ахвяру. Якая ахвяра?! Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці. Ну, гэта ўжо неяк характарызуе, напэўна, вышэйназванага грамадзяніна“.

Вячаслаў Касінераў заяўляе, што гэтыя словы не адпавядаюць рэчаіснасці, бо ў момант выхаду тэлеперадачы ён толькі аднойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці — на падставе арт. 341 КК (апаганенне збудаванняў і псаванне маёмасці). “На момант абвяшчэння адказчыкам Барсуковым А. П. звестак аб тым, што я “тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за псаванне маёмасці”, я знаходзіўся ў статусе абвінавачанага па крымінальнай справе аб хуліганстве“, — піша ісцец у заяве ў суд.

Ён падкрэслівае, што згодна з ч. 2 арт. 3 КК “ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства і зведаць крымінальную адказнасць інакш як на падставе прыгавору суда і ў адпаведнасці з законам”. “Такім чынам, адказчыкам Барсуковым А. П. быў парушаны найважнейшы прынцып крымінальнага закону — прэзумпцыя невінаватасці“, — адзначаецца ў іску.

Касінераў лічыць, што не адпаведныя рэчаіснасці выказванні Барсукова і тэлевядучай Тышкевіч, зробленыя публічна ў эфіры ОНТ, нанеслі яму “маральныя пакуты, якія выявіліся ў пачуцці глыбокай крыўды і знявагі, а таксама дыскрэдытацыі ў вачах грамадства яго імя”. Ісцец просіць суд прызнаць звесткі, якія былі распаўсюджаныя ў тэлесюжэце, не адпаведнымі рэчаіснасці і абавязаць адказчыкаў выдаліць іх, а таксама абвергнуць у праграме “Нашы навіны” на канале ОНТ і спагнаць з адказчыкаў 3 тысячы рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Фота: Наша Ніва