У кнізе аўтар паспрабаваў асэнсаваць свой досвед пошуку гістарычных першакрыніцаў. Зараз Стома жыве ў Санкт-Пецярбургу.
 
З нагоды выхаду кнігі з аўтарам пагутарыў Алесь Аркуш.
 
РР: Адкуль увогуле ўзнікла тваё захапленне гісторыяй і пашукамі гістарычных артэфактаў?
 
– Адказ на гэтае пытанне, падобна, самы цяжкі. У кнізе я апісваў сваё “жыццёвае станаўленне”, таму адкажу каротка: было ў крыві, нарадзілася разам са мной.
 
РР: Недзе напачатку 10-х гадоў у Полацку адкрыта пашукавікі капаліся ў пяску рэк Палата і Дзвіна ў межах Полацка. Ці сапраўды ў тым пяску трапляліся цікавыя, каштоўныя знаходкі?
 
– Што тычыцца маіх знаходак увогуле і ў прыватнасці перыяду недзе 2010-х гадоў, то тут таксама аднабакова не адказаць. Гледзячы што лічыць каштоўнасцю. Фінансавы бок не цікавіць увогуле, таму яго апусцім, тут я прафан, ды і кошты знаходак, як вядома, пераважна сімвалічныя. Каштоўнасць знойдзенага лепей пераводзіць на цікавасць да нейкай тэматыкі, напрыклад, металапластыкі альбо нумізматыкі. Калі з такога пункту гледзішча, то так, у рэках болей шанцавала на знаходкі. З гістарычнага боку каштоўнасць знаходак даволі спецыфічная, таму гісторыкі-спецыялісты ставяцца да пад’ёмнага матэр’ялу са скепсісам.

Іван Стома: Гэтае зацікаўленне нарадзілася разам са мной

 

 
РР: З даўніх часоў ходзіць шмат легендаў пра падземныя хады ў Полацку. Ці ёсць яны насамрэч і што сабой уяўляюць, калі ёсць?
 
– Безумоўна, яны існуюць у выглядзе цэлага пласта міфаў і цікавыя з этнаграфічнага боку. Але фактычна іх існаванне даўно аправергнута. У якасці доказу, я раю узгадаць хаця б пракладку трубаправода ад полацкага вадаканалу праз Дзвіну. Працы такога маштабу ў далёкім мінулым, з перагароджваннем русла ракі і таму падобнымі дзівосамі, не маглі быць незаўважаны храністамі і пабочнымі сведкамі таго часу. Каб паставіць кропку ў гэтым пытанні, можна ўзгадаць хаця б пра тэхнічна-інжэнерныя акалічнасці справы.
 
Па-першае, для падземных хадоў патрэбна вялікая колькасць апрацаваных каменных блокаў, бо цэгла мае здольнасць паступова крышыцца ад вільготнасці. Калі лічыць, што хады будавалі езуіты, то безумоўна на тэрыторыі калегіюма павінны былі застацца сляды каменачоснай вытворчасці, пры тым даволі аб’ёмістай. Але нават сам калегіюм, які быў адным з нешматлікіх мураваных будынкаў у горадзе, пабудаваны з цэглы, у тым ліку і яго дрэнажныя сістэмы.
 
Па-другое, самі езуіты былі далёка не цемрашаламі ў будаўнічых і геаграфічных пытаннях, і ведалі, што Дзвіна і меншыя яе прытокі з’яўляюцца даволі непрадказальнымі ў сваіх паводзінах. Узгадаю пясчаны востраў ніжэй так званага Новага маста, што паступова ўтварыўся недзе год праз 10 пасля пабудовы маста. Зараз раку ў гэтым некалі глыбокім месцы падчас засушлівага лета можна перайсці ледзве не па пояс. Уявіце, што б здарылася з вынікам езуіцкай падземнай камунікацыі, калі б паверх яго лёг падобны нечаканы цяжар?
 
Легенды аб падземных хадах, праўда, маюць пад сабой грунт. Ён заснаваны на наведванні палачанамі розначасовых дрэнажных сістэм, якія асушалі наваколле мураваных пабудоваў, а ў выпадку ваеннай небяспекі найвялікшыя з іх служылі, так бы мовіць, “эвакуацыйнымі выхадамі” да ракі.

Іван Стома: Гэтае зацікаўленне нарадзілася разам са мной

 

 
РР: На тваю думку, якое насельніцтва пераважала на Полаччыне ў Х стагоддзі – крывічы, славяне, балты?
 
– Што да першанасельнакаў берагоў саміх рэк… Балты, славяне, крывічы… Гісторыя зараз вельмі моцна палітызавана і падзяляецца на гісторыю – палітыку і гісторыю – навуку. Апошняя, што шкада, зараз у моцным заняпадзе. Але асабіста сам схіляюся да тэорыі балцкага субстрату.
 
Ізноў прывяду прыклад з сучаснасцю. Уявіце, праз год так 1500 археолагі, раскопваючы Полацак, будуць знаходзіць бляшанкі з надпісам “Пэпсі”, “Кока-кола”, запчасткі аўстрыйскіх пральных машын “Фірст – Аўстрыя”, шыльдачкі невядомага прызначэння з надпісамі “Дольчэ Габана”, лацінскія літары з неонавай рэкламы…
 
І вось, будзе сядзець нейкі гісторык і пакутаваць над дысерам з тэмай кшталту “Еўрапеізацыя ўсходняй часткі еўразійскага кантыненту ў пачатку ХХІ ст”. Пісаць па матэрыялах з нейкага электроннага самага даступнага архіву. Ну, вядома, будуць існаваць штампы “адзіная непадзельная Еўропа”, якая ўтваралася не заўсёды мірным шляхам (ваенныя канфлікты, па меркаванні гісторыкаў, адбываліся недзе ў пачатку і сярэдзіне 20 ст.), але агулам, ніякіх нацый не існавала, культур таксама, і агулам, так прасцей зразумець і запомніць.
 
Неяк так можна акрэсліць агульны вынік ад прапаганды. З навукай цяжэй. Праясніць пытанне сёння можа толькі супольная праца матэматыкаў, дэмографаў, археолагаў, антраполагаў, географаў, без падтасоўкі наяўных фактаў.
 
Як меней чым праз стагоддзе пасля каланізацыі балтаў у Панямонні і Прыдзвінні, што пачалась у 8-9 ст. нашай эры, у 862 годзе летапісец паведамляе пра, як лічуць гісторыкі, цалкам славянскае племя крывічоў. Тое, што племя мела нейкія рысы славянскай культуры і быту – так, але цалкам “пераставіць”, ці знішчыць мясцовае (а тым болей вясковае) насельніцтва, немагчыма, асабліва ўлічваючы абшары каланізацыі ад Балканаў да сучаснага Мурманска, ад Дуная да Волгі, па незнаёмай зямлі, з ваеннымі сутыкненнямі, сярэдняй працягласцю жыцця ў 30-35 год, і такімі “падарункамі” як голад, эпідэміі, і галоўнае – запросамі каланізатараў. Сёння ніхто не даў адказу, а колькі той зямлі было патрэбна тым славянам? Мо ролі змяніліся, і каланізатары самі сталі каланізаванымі?..
 
Увогуле, каму цікава, наведайце ў сваім горадзе хаця б адну гістарычную навуковую канферэнцыю і ўважліва паслухайце даклады аб праблемах археалагічнага даследавання гарадоў, а пасля пацікаўцеся, які стан даследаванасці на месцах пражывання найбольш шматлікай групы насельніцтва Беларусі – вясковага, маю на ўвазе, таго самага, што ў адрозненні ад горада захоўвае, як і ў тыя часы, сваю культуру і традыцыі, да якога мы звяртаемся, калі жадаем нешта ведаць аб беларусах. Пры даследаванні гарадоў, з прычыны іх поліэтнічнасці і полікультурнасці, у іх цяжэй знайсці адказ, хто ж мы ёсць. Затое лягчэй адказаць на пытанні аб тых жа славянах – тых, чыю культуру абрала карэннае насельніцтва, аб гандлёвых сувязях, войнах, мясцовай архітэктуры і таму падобных.
 

Іван Стома: Гэтае зацікаўленне нарадзілася разам са мной

 

 
РР: Як ты думаеш, у якім месцы ў Полацку знаходзіўся княжацкі пантэнт і чаму ён знік вельмі рана, бо не захавалася нават дакументальных сведчанняў пра яго існаванне?
 
– Што да ўлады ў крывіцкі час, у прыватнасці да пытання аб месцы знаходжання княжацкага падвор’я ў Полацку, то безумоўна яно існавала на Гарадзішчы. Адсутнасць звестак аб ім у першую чаргу тлумачыцца стратай Полацкай бібліятэкі падчас Лівонскай вайны і наступнымі спробамі “карэктавання” полацкіх архіваў падчас расейскай акупацыі. Між іншым, звестак аб Гарадзішчы верагодна не захавалася з прычыны прыняцця хрысціянства, бо ад пачатку, ад заснавання Гарадзішча, прадстаўнікі ўлады, якія там жылі, былі паганцамі, а пры паступовым пераносе княжацкага пантэону на Верхні замак з яго храмамі, звесткі аб непажаданым мінулым знішчаліся. Нават сам перанос дзядзінца на такую адлегласць нібыта сведчыць аб нежаданні будаваць цэрквы і палацы на месцы “бесаўскіх ігрышчаў”.
 
РР: Многія гісторыкі ў сваіх працах сцвярджаюць, што язычніцтва на Полаччыне доўгі час існавана паралельна з хрысціянствам. Гэта неяк характарызуе аўтэхтонаў Полаччыны?
 
– Як мы ведаем, паганства захавалася ў народзе і пасля прыняцця хрысціянства. Па аб’ектыўных прычынах хрысціянства да вёскі на той час яшчэ не дайшло, але доўгая захаванасць старой веры тлумачыцца, акрамя талерантнасці, яшчэ і менталітэтам нашых людзей: беларусы, што пазней расселяцца хутарамі, звыкліся кожны свой крок у першую чаргу абмяркоўваць са сваякамі, абдумваць, прыкідваць самастойна, тым болей у часы, калі ні ўлады, ні дзяржава, не мелі татальнага кантролю за асабістым жыццём.

Іван Стома: Гэтае зацікаўленне нарадзілася разам са мной

 
РР: Якое месца ў Полацку для цябе самае сакральнае?
 
– У Полацку захавалася шмат месцаў, што раней былі святымі для жыхароў, галоўным храмам якіх была прырода. Праз столькі год, негледзячы на ўрбанізацыю, на змену мясцовага ландшафту, рэчышча Палаты захавала свой калі не старажытны выгляд, дык нейкую атмасферу таго старажытнага горада з нязменнымі “полацкімі” адчуваннямі. Як па мне, асабліва востра такія пачуцці апаноўваюць каля заходняга схілу Верхняга замка. Як і ў любым горадзе, знойдзецца шмат куткоў са сваёй атмасферай, але гэты, з неперадаваемымі словамі пачуццямі, захапляе найболей, перадае Беларускае Радыё Рацыя.
 
Фота Алеся Аркуша

Чытай больш на: https://www.racyja.com/kultura/ivan-stoma-getae-zatsikaulenne-naradz/

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»