Найперш — кіраўніцтва Беларусі атрымала вялікія замежнапалітычныя дывідэнды ад таго, што краіна апынулася ў цэнтры міратворчага працэсу ўрэгуляваньня крызісу вакол Украіны. Дзякуючы Менскаму працэсу беларускія ўлады распрацавалі новы канцэпт сваёй замежнай палітыкі, у якім Беларусь выступае ў ролі міратворцы, «донара бясьпекі», прэтэндуе на міжнародны статус ці то Жэнэвы, ці то Хэльсынкі. Пазыцыя нэўтралітэту ў канфлікце Расеі з Украінай і Захадам дазволіла кіраўніцтву Беларусі пачаць пасьпяховы працэс нармалізацыі дачыненьняў з ЭЗ і ЗША.

Зь іншага боку, ва ўнутранай палітыцы падзеі ва Украіне трактаваліся ў выключна нэгатыўным ключы, выкарыстоўваліся для запужваньня беларусаў. Асноўны пасыл уладаў падчас дзьвюх палітычных кампаніяў у Беларусі (прэзыдэнцкія выбары 2015 і парлямэнцкія выбары 2016 г.) быў такі: цяпер галоўнае не заробкі і пэнсіі, а стабільнасьць, парадак, мір і бясьпека. І пры гэтым паказвалі пальцам на Ўкраіну.

Падчас вулічных акцыяў пратэсту гэтай вясной беларускія дзяржаўныя мэдыі выдалі шэраг прапагандысцкіх матэрыялаў, якія вельмі зьневажальна паказвалі сытуацыю ва Ўкраіне. Маўляў, вось у выніку Майдану квітучая краіна паглыбілася ў хаос, вайну ды інш.

У антыўкраінскую кампанію ўключыўся і сам А. Лукашэнка. Ён апавядаў, што ва Ўкраіне, Польшчы і Літве створаныя лягеры баевікоў, якіх засылаюць у Беларусь. Паводле ягоных заяваў, з Украіны сюды ўвесь час ідзе плынь зброі. Праўда, нейкіх сур’ёзных сьведчаньняў, каб пацьвердзіць гэтыя словы, не прыводзіцца. Гісторыя пра аўтамабіль з зброяй, які нібыта прарваўся празь мяжу з тэрыторыі Ўкраіны, аказаўся фэйкам.

Падчас выступу з пасланьнем у Нацыянальным сходзе А. Лукашэнка тройчы заявіў, што Беларусь прыняла 160 тысяч уцекачоў з Украіны. Насамрэч, паводле зьвестак Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі, на працягу 2014–2015 гадоў па статус уцекача ці «па дадатковую абарону» зьвярнуліся 1642 грамадзяніны Ўкраіны. Зь іх толькі 1 (адзін) грамадзянін Украіны атрымаў афіцыйны статус уцекача. Часовы (на год) або сталы дазвол на жыхарства за пэрыяд з 1 студзеня 2014 году па 1 ліпеня 2016 году ў Беларусі атрымалі 35 157 грамадзян Украіны. Гэта пераважна працоўныя мігранты.

Тым ня менш, гэтыя дзьве паралельныя і неперасечныя лініі палітыкі афіцыйнага Менску добра працавалі. Асаблівай патрэбы ў сустрэчы прэзыдэнтаў не было. Лукашэнка наведаў Украіну з рабочым візытам у сьнежні 2014 году. Таксама кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў сустракаліся падчас саміту «нарманскай чацьвёркі» ў Менску ў лютым 2015 году. Але тую сустрэчу цяжка назваць паўнавартаснымі перамовамі. Таксама як і сустрэчу двух лідэраў на памежжы ў красавіку ў гадавіну Чарнобыльскай катастрофы.

Патрэба ў новым візыце, прычым афіцыйным, для Менску выкліканая перадусім двума чыньнікамі. З аднаго боку, вельмі вялікі ажыятаж у рэгіёне выклікаюць супольныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017». Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў адзначаў, што гэтыя вучэньні могуць быць падрыхтоўкай да наступальнай апэрацыі супраць Украіны.

Таму візытам у Кіеў Менск імкнецца мінімізаваць падобныя страхі, неяк ураўнаважыць уяўленьні суседзяў пра крэн Беларусі ў бок Расеі, прадэманстраваць, што палітыка нэўтралітэту ў расейска-украінскім канфлікце захоўваецца.

З другога боку, Менскі працэс аказаўся ў тупіку. Палітычнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе не атрымалася, пэрспэктывы яго мінімальныя. Не ўдаецца нават спыніць стральбу з абодвух бакоў. У выніку Менск як перамоўная пляцоўка ўсё больш траціць значэньне, а разам зь ім зьнікае вобраз Менску як міратворцы. Таму звышзадачай візыту Лукашэнкі ёсьць рэанімацыя Менскага працэсу. Хоць яна і амаль невыканальная, бо ад пазыцыі Кіева тут далёка ня ўсё залежыць.

А прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку цяпер патрэбен нейкі замежнапалітычны посьпех. Бо праз дрэнную сытуацыю ва ўкраінскай эканоміцы ягоны рэйтынг падае. Дарэчы, ва ўкраінскім грамадзтве да Беларусі вельмі добрае стаўленьне. І Парашэнка можа прадэманстраваць свайму электарату, што цёплая сустрэча з Лукашэнкам дазваляе нэўтралізаваць патэнцыйную вайсковую пагрозу з поўначы.

Таму ў гэтым візыце Лукашэнкі ў Кіеў больш сымболікі, палітычнага і дыпляматычнага жэсту, чым рэальнага практычнага зьместу. Тут вялікую ролю адыгрываюць вонкавыя рытуалы. У дыпляматычнай практыцы Ўкраіны ўжо склалася традыцыя, калі кіраўнікі замежных дзяржаваў і ўрадаў падчас афіцыйных візытаў наведваюць алею Герояў Нябеснай сотні, ушаноўваюць памяць загінулых падчас Майдану. А ў беларускім афіцыйным ідэалягічным канструкце Майдан выкарыстоўваецца толькі ў нэгатыўным сэнсе, амаль як лаянка.

Як і можна было чакаць, Лукашэнка гэты мэмарыял не наведаў. Ён усклаў вянок да знаку перамогі ў Другой усясьветнай вайне, то бок да помніку Вечнай славы на магіле Невядомага салдата.

Але, і гэта цікавы жэст, Лукашэнка таксама наведаў мэмарыял ахвяраў Галадамору, дзе ўсклаў сымбалічную кампазыцыю «Гаршчок». Трэба адзначыць, што Расея на афіцыйным узроўні адмоўна ставіцца да самога тэрміну «Галадамор» і да ідэі мэмарыялізацыі гэтай зьявы, лічыць, што яна носіць антырасейскі зьмест. Тут варта ўвагі тое, што аналягічны сваім гістарычным і палітычным сэнсам сымбаль савецкага таталітарызму беларускі мэмарыял Курапаты Лукашэнка ні разу не наведаў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»