Беларусь на нефармальнай размове прадстаўляе Алег Краўчанка — намеснік Уладзімера Макея, адказны за еўрапейскі і амерыканскі кірунак. Сам міністр застаецца ў Беларусі, бо 11 ліпеня кіраўнік дзяржавы сустракаецца з беларускімі дыпляматамі, якія працуюць за мяжой.

Акрамя пасады Генеральнага сакратара АБСЕ, на якую сярод іншых прэтэндуе і беларуская дыпламатка Алена Купчына, вакантнымі застаюцца яшчэ тры пазіцыі: кіраўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ), Управы Вярхоўнага камісара па справах нацыянальных меншасцей і Бюро прадстаўніка АБСЕ па свабодзе СМІ.

«Зрабіць гэтыя прызначэнні надзвычай цяжка, бо любое рашэнне ў рамках АБСЕ прымаецца выключна кансэнсусам, — кажа Валер Варанецкі, які ў 2011—2016 гадах прадстаўляў Беларусь у АБСЕ і іншых міжнародных арганізацыях, якія працуюць у Вене. — Уявіце, збіраюцца дыпламаты амаль з 60 краінаў свету. І ім патрэбна, улічваючы розныя пазіцыі, розныя погляды, розныя падыходы, знайсці кансенсус. Тут адбываецца сапраўдны торг. Хтосьці саступае па адной пазыцыі, але хоча атрымаць кампенсацыю па іншай. І гэта складаны працэс. Таму ён і зацягваецца.

Фактычна, сітуацыя з адным прызначэньнем — Генэральнага сакратара — выліліся ў чатыры. А гэта прыводзіць да неабходнасьці пакетнага рашэння».

Экспэрты лічаць, што найлепшыя шанцы быць прызначаным на пасаду Генеральнага сакратара АБСЕ мае дыплямат з Швайцарыі Томас Грэмінгер. А ці мае пэрспэктывы стаць Генэральным сакратаром Алена Купчына?

На гэтае пытанне спадар Варанецкі адказаў так: «Пра шанцы беларускага дыпламата я гаварыць не магу, бо ёсць пэўныя этычныя абмежаванні, тым больш у такі складаны перыяд. А вось са спадаром Грэмінгерам мне давялося папрацаваць разам, бо пэўны час мы былі калегамі — ён ачольваў прадстаўніцтва Швайцарыі ў АБСЭ. Яго ў Вене многія ведаюць. І ставяцца як да вельмі дасьведчанага прафэсіянала».

17 красавіка Міністэрства замежных спраў Расеі афіцыйна заявіла, што Масква падтрымлівае кандыдатуру Алены Купчыной. Аналізуючы сітуацыю, расейская газэта «Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы ў сакратарыяце АБСЕ адзначала, што першапачаткова шанцы беларускай дыпламаткі былі нядрэнныя — арганізацыю раней яшчэ ніколі не ачольвала жанчына. Аднак пасля разгону ў Беларусі масавых акцый пратэсту і затрымання дэманстрантаў у лютым-сакавіку шэраг дзяржаў ЕС далі зразумець, што не гатовыя «ўзнагароджваць Менск за дрэнныя паводзіны».

Сама Купчына мае рэпутацыю выдатнага прафесіянала і майстра кампрамісаў.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»