Харстэд сказаў, што разумее важнасць узнятых у рэзалюцыі тэм, у тым ліку ядзернай. Ён адзначыў, што ў маладосці сам быў актывістам антыядзернага руху, але ў гэтым выпадку “не прадстаўляў сябе асабіста, а абвяшчаў рашэнне вялікай колькасці палітычных груп, якія дамовіліся не прапускаць рэзалюцыю”.
Так было зроблена, таму што гэта было змяшэнне дзвюх важных тэм. Гэта была няўдалая камбінацыя, таму рэзалюцыя была адхіленая“, — сказаў ён.

Кажучы пра другую рэзалюцыю, у якой згадваецца ў тым ліку сітуацыя з правамі чалавека ва Усходняй Еўропе і ў Беларусі ў прыватнасці, Харстэд адзначыў, што сам факт прыняцця гэтага дакумента не такі важны.

АБСЕ стаіць на двух нагах. Адна з іх вельмі моцная і шанаваная на міжнародным узроўні — назіранне за выбарамі. Другая нага слабейшая — гэта рэзалюцыя. Часам такія рэзалюцыі вельмі важныя для краін, якіх яны тычацца. Але калі быць сумленным, не так шмат кіраўнікоў МЗС у Еўропе гэтыя рэзалюцыі чытаюць, таму іх сэнс не ў тым, каб быць прынятымі, а ў дыскусіях на Парламенцкай асамблеі вакол тэм, якія ў іх узнімаюцца. Гэта дае больш глыбокае разуменне тэм, якія стаяць на парадку дня ў розных краінах“, — адзначыў Харстэд.

Менавіта таму, лічыць ён, рэзалюцыя Літвы, якую не сталі разглядаць, сваёй мэты ўсё-такі дасягнула. “95% тых, хто ўвогуле ніколі не чуў пра сітуацыю з БелАЭС, пра яе даведаюцца“, — лічыць віцэ-прэзідэнт ПА АБСЕ.

Рэзалюцыю па Беларусі прапаноўваў прыняць літоўскі парламентарый Лаўрынас Касчунас. У праекце дакумента ўтрымліваўся заклік да беларускіх уладаў забяспечыць адкрытае канструктыўнае ўзаемадзеянне з незалежнымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыяй.

Аўтар рэзалюцыі заклікаў афіцыйны Мінск рэабілітаваць былых палітвязняў і цалкам аднавіць іх у грамадзянскіх і палітычных правах, уключаючы зняцце ўсіх судзімасцяў і абмежаванняў на іх удзел у палітычным жыцці, у тым ліку ў выбарах.

Да беларускіх улад таксама быў адрасаваны заклік увесці мараторый на прымяненне смяротнай кары і аднавіць працу па правядзенні “ўсёабдымнай электаральнай рэформы ў межах больш шырокага дэмакратычнага працэсу і ў супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі”.

У праекце рэзалюцыі гаварылася пра неабходнасць гарантаваць правы грамадзян Беларусі на мірныя сходы і выказванне меркаванняў, у тым ліку адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне за ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных аб`яднанняў і несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Згадвалася ў дакуменце і будоўля ў Астраўцы (на мяжы з Літвой) Беларускай АЭС. Як адзначаў аўтар праекта, аб`ект узводзіцца “паспешліва і без выканання якіх-небудзь стандартаў якасці”, а таксама не адпавядае патрабаванням Канвенцыі Эспа і Орхускай канвенцыі.

Літоўскі дэпутат прапаноўваў запатрабаваць ад беларускага боку забеспячэння адпаведнасці БелАЭС самым высокім міжнародным стандартам у галіне бяспекі, правядзення транспарэнтнай і незалежнай экспертызы трансмежавага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, а таксама ацэнкі рызыкі і бяспекі (так званых стрэс-тэстаў) альбо — у адваротным выпадку — прыпынення будаўніцтва станцыі.

Супраць прыняцця рэзалюцыі па Беларусі выступіў, у прыватнасці, Харстэд. Падчас дыскусіі з гэтай нагоды 5 ліпеня ён заявіў: няма сумневаў, што ў Беларусі ёсць праблемы з правамі чалавека і дэмакратыяй, але ў літоўскім праекце рэзалюцыі гэтыя пытанні змяшаныя з “напружаным памежным канфліктам” з Беларуссю з-за будаўніцтва АЭС. Такі падыход аўтараў рэзалюцыі Харстэд назваў “крыху няўдалым”.

Фота: www.belta.by

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»