Штрафаваць будуць за публічнае выкарыстанне, дэманстрацыю, нашэнне стужкі або прадметаў, якія змяшчаюць яе выяву, паведамляе Еўрарадыё са ссылкай на hromadske.ua.

Кодэкс Украіны аб адміністрацыйных правапарушэннях дапоўнены новым артыкулам 173, які прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 32 да 97 долараў з канфіскацыяй стужкі або прадметаў, якія змяшчаюць яе выяву.

За тыя ж паўторныя дзеянні прадугледжаны штраф у памеры да 190 долараў або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак з канфіскацыяй стужкі або прадметаў, якія змяшчаюць яе выяву.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка назваў стужку сімвалам агрэсіі супраць Украіны 2014–2017 гадоў, а не сімволікай Другой сусветнай вайны.

Закон аб забароне георгіеўскай стужкі быў прыняты Вярхоўнай Радай Украіны 16 мая. 26 мая закон падпісаў старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій. 12 чэрвеня Парашэнка падпісаў закон аб забароне георгіеўскай стужкі. 14 чэрвеня закон аб унясенні змены ў Кодэкс Украіны аб адміністрацыйных правапарушэннях быў апублікаваны ў газеце «Голас Украіны». Як гаворыцца ў заключных палажэннях закона, ён уступае ў сілу з наступнага дня пасля апублікавання — 15 чэрвеня 2017 года.

Фота: Еўрарадыё