Амбразевіч адзначыў, што ў 2012 годзе мандат спецдакладчыка быў зацверджаны 15 галасамі, а гэта менш за трэць членскага складу Савета ААН па правах чалавека. На яго думку, гэта падрывае давер да дзейнасці СПЧ, дыскрэдытуе яго ў вачах структур ААН і міжнароднай супольнасці ў цэлым. «Зацвярджэнне мандата дэ-факта адной вузкай групай краін таксама прымушае сумнявацца ў наступнай непрадузятай дзейнасці мандатарыя, —  заявіў Амбразевіч. — Стварэнне мандатаў без згоды ўрада закранутай краіны з’яўляецца неэфектыўным метадам работы і з’яўляецца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы дзяржавы«.

Паводле слоў Амбразевіча, за «бясплодным мандатам» па Беларусі стаяць краіны ЕС і ЗША. Ён падкрэсліў, што з Бруселем і Вашынгтонам Мінск вядзе двухбаковыя кансультацыі, у тым ліку па пытаннях правоў чалавека, што з’яўляецца «належным доказам ў адкрытасці Беларусі».

«Два гады ўзаемадзеяння з ЕС без яго аднабаковых санкцый у дачыненні да Беларусі прынеслі ўсім удзельнікам больш пладоў, чым папярэднія 15 гадоў абмежаванняў і забарон«, — заявіў Амбразевіч.

Ён зазначыў, што прынцыповая пазіцыя Беларусі аб бессэнсоўнасці і непатрэбнасці мандата застаецца нязменнай. «Перакананыя, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі кардынальна не адрозніваецца ад большасці краін свету і не нясе пагрозы ні грамадзянам Беларусі, ні нашым суседзям, ні сусветнай супольнасці ў цэлым«, — сказаў дыпламат.

Амбразевіч ніяк не пракаментаваў змест дакладу пра сітуацыю ў Беларусі, у якім адзначаецца «хуткае і рэзкае пагаршэнне агульнай сітуацыі з правамі чалавека» ў краіне за перыяд з красавіка 2016-га па сакавік 2017 года.