Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 чэрвеня падчас сустрэчы з кіраўнікамі абаронных ведамстваў краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, якія прыбылі ў Мінск на пасяджэнне Савета міністраў абароны АДКБ.

“Вы выдатна ведаеце, што Беларусь і ў рамках Саюзнай дзяржавы, і ў межах АДКБ адказная за заходні кірунак. Гэта зона адказнасці Беларусі, і ўся наша армія сканцэнтраваная на гэта разам з Расійскай Федэрацыяй. У нас выбудаваны дакладны план дзеянняў у розных сітуацыях”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

“І як бы на нас не націскалі, мы правядзем гэтыя вучэнні і накіраваны на тое, каб яны прайшлі маштабна і вельмі сур’ёзна, — падкрэсліў ён. — Ведаю, што і ў Расіі такі ж настрой. Мы нікога не палохаем, нам чужога не трэба. Таму мы будзем адпрацоўваць усё тое, што адпрацоўваюць нашы патэнцыйныя сапернікі. Мы навучаем армію і будзем яе навучаць абараняць нашу тэрыторыю, нашу дзяржаву, нашы народы”.

Лукашэнка таксама запэўніў, перадае БелаПАН, што вучэнні будуць адкрытымі. “Мы запросім на вучэнні ўсіх сёння прысутных міністраў абароны, і не толькі. Гэтыя вучэнні адкрытыя — няхай глядзяць на нашы магчымасці. Мы вельмі сур’ёзна нацэлены на тое, каб на тэрыторыі Беларусі вучэнні прайшлі вельмі эфектыўна, і будзем старацца надаць гэтым вучэнням і маштабны, і разнапланавы характар, каб нашы ваенныя — і Расіі, і Беларусі — адчувалі, што яны абараняюць на гэтым кірунку і якія абавязацельствы на іх ускладзеныя”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларуска-расійскія вучэнні “Захад-2017” пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расіі ў верасні. Тэмай вучэнняў названая падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах арганізацыі ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

 
Фота: yandex.by

Занепакоенасць з нагоды вучэнняў, якія маюць адбыцца, выказвалі палітыкі з суседніх дзяржаў, у тым ліку з краін Балтыі і Украіны. На іх думку, Расія можа выкарыстаць Беларусь як плацдарм для ўварвання на тэрыторыю сумежных краін.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб безгрунтоўнасці такіх асцярог.

Поделиться: