Пра гэта 8 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў першы намеснік старшыні канцэрна Вячаслаў Мірусін.

Паводле яго слоў, узровень сярэдняй зарплаты па канцэрне за студзень—красавік склаўся ў памеры 579,3 рубля, а да канца года запланаваны рост да 828 рублёў. “Мы адзначылі перад урадам, што задачу дасягнуць заробку ў 1 тыс. рублёў мы выканаць не зможам. Ва ўсім свеце ў лёгкай прамысловасці зарплата адстае на 20-25% ад сярэдняй па ўсёй прамысловасці, перадае БелаПАН. Такую спецыфіку галіны мы абазначылі. Быў праведзены дыялог з кожным аблвыканкамам пры прысутнасці кіраўнікоў прадпрыемстваў. Мы бачым, што заробак да канца года павялічыцца на 37%”, — сказаў Мірусін.

Як сцвярджае першы намеснік старшыні “Беллегпрама”, масавых скарачэнняў у галіне няма: “Ніхто ў канцэрне і на прадпрыемствах масавае скарачэнне не заахвочваў. Ідзе стандартны прыток і адток. Недзе гэта звязана ў тым ліку з аптымізацыяй, таму што тэхпераўзбраенне прадугледжвае ўкараненне новых тэхналогій абслугоўвання, кіраўніцкіх рашэнняў. Колькасць работнікаў памяншаецца, але масавых скарачэнняў няма, і нельга сказаць, што мы пагналі людзей на вуліцу”.

Паводле яго слоў, таксама за год удалося палепшыць фінансавы стан прадпрыемстваў. Колькасць стратных скарацілася на 14 і на 1 красавіка складае 37 (29,4% ад усіх прадпрыемстваў канцэрна).

Па выніках квартала рэнтабельнасць продажу склала 14%, экспарт вырас на 24% да 135 млн долараў, запасы — “у межах нарматыву”, аб’ём вытворчасці ў фізічным вымярэнні вырас на 6%.

Адказваючы на пытанне журналістаў, што будзе рабіць канцэрн у сувязі з прыходам на беларускі рынак гандлёвых марак Zara, Bershka, Reserved і іншых, Вячаслаў Мірусін падкрэсліў: “Мы разумеем, што трэба дастукацца да кожнага пакупніка. Асноўны акцэнт — на развіцці сваёй тавараправоднай сеткі. Можа, дзесьці з сусветнымі рытэйлерамі не пацягацца, але ў нас ёсць выдатная перавага — суадносіны “цана — якасць”. Нашы тавары цалкам бяспечныя для спажыўца. Не трэба думаць, што калі нехта сюды прыедзе, то ўсё абрынецца. Будзе чарговы вялікі магутны канкурэнт. Будзем працаваць”, — сказаў Мірусін.

Паводле яго слоў, для інтэнсіўнага развіцця прадпрыемствамі беларускай лёгкай прамысловасці ўласных сетак неабходныя значныя інвестыцыі. “Гэта грошы, якія прадпрыемства павінна атрымаць з уласнай кішэні і пабудаваць гэты ланцужок. З сусветнымі рытэйлерамі канкураваць вельмі цяжка”, — яшчэ раз падкрэсліў намеснік кіраўніка канцэрна.

Ён зазначыў, што сусветныя кампаніі “валодаюць наймагутным фінансавым рэсурсам”. “Я, напрыклад, хацеў бы, каб гандлёвы цэнтр “Галілеа” быў запоўнены беларускім таварам, але гэта немагчыма зрабіць. Там свае правілы гульні, арэндныя стаўкі, і вельмі немаленькія. За гэта трэба плаціць. А нашы прадпрыемствы павінны і сацыяльную сферу ўтрымліваць, зарплату плаціць, сыравіну закупляць, вырабляць прадукцыю. Мне б хацелася, каб беларускія сеткі хутка развіваліся. Але пакуль гэта вось так”, — сказаў Мірусін.

Пры гэтым ён зазначыў, што існуе праблема з пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасцю гандлёвых прадпрыемстваў перад прадпрыемствамі канцэрна.

 
Фота: google.by