Эксперты фонду абмяркуюць з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання макраэканамічную сітуацыю ў краіне і правядуць падрыхтоўчую работу напярэдадні штогадовай місіі МВФ па артыкуле IV, якая чакаецца восенню.

Паводле інфармацыі БелаПАН, на працягу тыдня эканамісты МВФ плануюць сустрэцца з прадстаўнікамі Нацбанка і абмеркаваць з імі манетарную палітыку ўладаў. Акрамя гэтага, у праграме знаходжання місіі валютнага фонду ў Беларусі — сустрэчы з прадстаўнікамі Мінфіна і Міністэрства эканомікі, падчас якіх эксперты фонду плануюць абмеркаваць сітуацыю ў дзяржсектары.

Таксама запланаваныя сустрэчы місіі МВФ з прадстаўнікамі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, а таксама з найбуйнейшымі беларускімі банкамі.

На думку экспертаў, падчас місіі МВФ беларускія ўлады будуць абмяркоўваць змест новай крэдытнай праграмы з фондам. Нагадаем, раней урад Беларусі выказваў жаданне атрымаць у фонду новы крэдыт на 3 млрд долараў пад 2,28% гадавых на 10 гадоў.

“Крэдыт МВФ — выгаднае запазычанне для Беларусі з улікам нізкай працэнтнай стаўкі і даволі доўгага тэрміну падавання рэсурсаў. Гэта адна з прычын, чаму беларускі бок даўно хоча атрымаць новы крэдыт валютнага фонду”, — зазначыў у каментары БелаПАН старшыня назіральнага савета Даследчага цэнтра ІПМ Ігар Пеліпась.

На яго думку, крэдыт МВФ для Беларусі важны яшчэ і з псіхалагічнага пункту гледжання, “бо сігналізуе іншым крэдыторам і інвестарам, што сур’ёзных эканамічных рызык у краіне няма, яна ідзе ў правільным кірунку і з ёй можна мець справу”.

Пры гэтым беларускія эканамісты чакаюць, што новая крэдытная праграма з МВФ не будзе падпісаная найбліжэйшым часам, бо рэфармаванне дзяржсектара, на якім настойвае валютны фонд, дагэтуль не пачалося.

“Пасля заключэння нафтагазавых дамоўленасцяў з Расіяй беларускі бок знаходзіцца ў стане эйфарыі, ВУП Беларусі выйшаў з адмоўнай зоны, і афіцыйным асобам пачынае здавацца, што неабходнасці ў глыбокіх эканамічных рэформах няма”, — зазначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

На яго думку, гатоўнасць Беларусі прымаць ўмовы МВФ можа ўзрасці да канца года, калі трэба будзе шукаць грошы на пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў будучым годзе. Нагадаем, паводле даных агенцтва Fitch Ratings, калі ў 2017-м выплаты Беларусі па знешнім дзярждоўгу складаюць 1,8 млрд долараў, то ў 2018-м — 2,8 млрд долараў.

“Неабходнасць пагашаць даўгі пераважае, і калі ў дзяржавы не будзе альтэрнатыўных крыніц фінансавання, стане ўзрастаць гатоўнасць прымаць ўмовы валютнага фонду”, — рэзюмаваў Крук.

 
Фота з адкрытых крыніц
 

Поделиться ссылкой: