Статыстыка кампаніі пацвярджае, што анлайн-зносіны ўсё яшчэ застаецца асноўным баўленнем часу дзяцей у інтэрнэце — у сярэднім па свеце на яго прыпадае 61% актыўнасці, якая рэгіструецца модулем “Бацькоўскі кантроль”, убудаваным у ахоўныя прадукты “Лабараторыі Касперскага”. Аднак эксперты працягваюць адзначаць падзенне колькасці заходаў у сацыяльныя сеткі з камп’ютараў.

Сярод папулярных у свеце сацыяльных сетак амаль усюды лідзіруе Facebook. Але ёсць краіны, дзе рэгіянальныя платформы апынуліся больш папулярнымі. Пры гэтым у Беларусі, паведамляе “Лабараторыя Касперскага”, дзеці ў асноўным карыстаюцца расійскімі сацыяльнымі сеткамі: “УКантакце” і “Аднакласнікі”.

Акрамя цікавасці да сацсетак эксперты таксама зафіксавалі даволі высокі ўзровень цікаўнасці дзяцей да сайтаў, якія трапляюць у катэгорыю “Алкаголь, тытунь, наркотыкі”. Яшчэ летась была адзначаная тэндэнцыя павышэння цікавасці дзяцей да гэтай тэмы, і яна працягвае развівацца. Гэта тлумачыцца тым, што падобны кантэнт можна сустрэць дзе заўгодна — ён ужо стаў часткай поп-культуры. Да таго ж за апошні год вельмі папулярнымі сярод падлеткаў сталі так званыя “вэйпы” — электронныя прыстасаванні для ўдыхання пары з араматызатарамі.

Далей у рэйтынгу папулярнасці ў дзіцячай аўдыторыі ідуць сайты з катэгорыі “ПЗ, аўдыя, відэа”. Больш за ўсё часу на прагляд відэа і праслухоўванне музыкі трацяць дзеці з Кітая — там гэтым займаецца амаль кожнае пятае дзіця (18%). Беларусь апынулася ў сярэдзіне спіса з паказчыкам 6%. Найбольшай папулярнасцю ў беларускіх дзяцей карыстаюцца сайты бясплатнага і часцяком нелегальнага прагляду фільмаў і мультфільмаў, а таксама торэнт-трэкеры.

Нарэшце, адносна вялікі працэнт дзяцей цікавіцца камп’ютарнымі гульнямі, якія на постсавецкай прасторы, і ў Беларусі ў прыватнасці, апусціліся на адну пазіцыю ў параўнанні з мінулым годам. Самая вялікая колькасць наведванняў сярод сайтаў гэтай катэгорыі — у анлайн-крамы і гульнявой супольнасці Steam. Папулярнасць сайта сведчыць пра тое, што дзяцей цікавяць зусім розныя гульні: ад развіццёвых да звычайных “таймкілераў”. Разам з тым вялікая папулярнасць у гэтым рэгіёне гульняў Minecraft і Roblox, якія ў некаторых краінах выкарыстоўваюць у рамках школьнай адукацыі.

“Лабараторыя Касперскага” — заснаваная ў 1997 годзе ў Расіі міжнародная кампанія, якая спецыялізуецца на распрацоўцы сістэм абароны ад камп’ютарных вірусаў, спаму, хакерскіх нападаў і іншых кіберпагроз. Адна з найбуйнейшых антывірусных карпарацый з сеткай рэгіянальных офісаў па ўсім свеце.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»