Так міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пракаментаваў журналістам інцыдэнт з затрыманнем міліцыяй мужчыны ў мінскім метро.
«У гэтым выпадку гэта быў тыповы варыянт. Асоба знаходзілася ў стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення, — сказаў Шуневіч. — Гэта элемент нашай службовай дзейнасці. Вядома, хацелася б, каб такія выпадкі здараліся радзей, але мы ад іх нікуды не сыдзем. Дзеянні супрацоўніка былі паслядоўныя і законныя. Ён выканаў тую задачу, якая тады стаяла, — затрымаць гэтага грамадзяніна».

Што да траўмы, атрыманай супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні, то, як адзначыў Шуневіч, «гэта вытворчая траўма, якая намі так і разглядаецца». «Траўмы будуць у любым выпадку, таму што ў нас праца такая спецыфічная, якая спалучаная нярэдка з агрэсіўнымі паводзінамі і процідзеяннем тым, хто парушае наўмысна закон», — дадаў кіраўнік МУС.

На пытанне БелаПАН, чаму малады чалавек, які супраціўляўся міліцыі пры затрыманні, цяпер адпушчаны дадому, Шуневіч адказаў: «Гэтае рашэнне не наша. Рашэнні па такіх матэрыялах прымае суд. Мы толькі затрымліваем і складаем пратакол».

Інцыдэнт у мінскім метро здарыўся ўначы 27 мая. У інтэрнэце з’явілася відэа, як чацвёра супрацоўнікаў міліцыі з выкарыстаннем сілавых прыёмаў жорстка затрымлівалі маладога чалавека.

Паводле інфармацыі ГУУС, 27 мая ў 1.16 супрацоўніку УУС па ахове Мінскага метрапалітэна паступіла інфармацыя пра хуліганскія паводзіны маладога чалавека на станцыі метро «Кастрычніцкая». «Па ўсіх прыкметах, той быў у стане алкагольнага ап’янення: неадэкватныя паводзіны, хісткая паходка, у навакольным становішчы арыентаваўся слаба. Міліцыянер спыніў маладога чалавека, назваўся і папрасіў пакінуць метрапалітэн, бо праезд у метро ў стане алкагольнага ап’янення забаронены», — гаварылася ў паведамленні.

Згодна з версіяй ГУУС, супрацоўнік міліцыі і хлопец падняліся ў вестыбюль, аднак пакінуць станцыю падазраваны катэгарычна адмовіўся, нягледзячы на неаднаразовыя патрабаванні, і аказаў актыўны фізічны супраціў, прычыніўшы міліцыянеру цялесныя пашкоджанні (закрыты пералом касцей носа). Правапарушальнік быў затрыманы і дастаўлены ў пакой міліцыі, а затым — у аддзяленне таксікалогіі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. «Першапачаткова яму быў пастаўлены дыягназ «алкагольнае ап’яненне, наркатычнае атручэнне», затым дыягназ удакладнілі — «алкагольнае атручэнне», — паведамляла прэс-служба.

У дачыненні да затрыманага Цэнтральным раённым аддзелам Следчага камітэта была распачатая справа на падставе арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Пазней стала вядома, што малады чалавек адпушчаны дамоў.

Паведамлялася таксама, што затрыманы — ураджэнец Мінска 1998 года нараджэння, раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці: за дробнае хуліганства, распіванне спіртных напояў/знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, дробны крадзеж, парушэнне абавязкаў па воінскім уліку. Малады чалавек знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Кастрычніцкага РУУС сталіцы.

 
Фота з адкрытых крыніц