Адпусцілі нягледзячы на тое, што супраць яго распачатая крымінальная справа паводле артыкула 364 “Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”.

Як паведаміў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч, у дачыненні да затрыманага прымянілі “меры працэсуальнага прымусу― абязальніцтва аб яўцы”.

Кабаковіч: “З улікам прызнання сваёй віны і раскаяння ў зробленым, да яго прымянілі меру прымусу: каб ён з’яўляўся па першым выкліку, як толькі спатрэбіцца следчым”.

Паводле слоў прадстаўніка Следчага камітэта, адпусцілі затрыманага проста з лякарні хуткай дапамогі, дзе ён праходзіў таксікалагічную экспертызу, і дзе хлопца выводзілі са стану алкагольнага атручэння. Колькі дакладна праміле алкаголю выявілі медыкі ў крыві 19-гадовага хлопца, Кабаковіч не ўдакладняе.

Паводле артыкула, яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. У Следчым камітэце звяртаюць увагу на тое, што абвінавачаны нідзе не працуе і не вучыцца, а на момант здарэння ён адпрацоўваў 240 гадзін грамадскіх работ, паводле прысуду ад лютага 2017 года.

Нагадаем, здарэнне адбылося 27 траўня ў 1 гадзіну 16 хвілін у сталічным метро. Па версіі ГУУС, міліцыянт спыніў юнака і папрасіў пакінуць метрапалітэн, бо п’яным забаронены праезд у падземцы. Яны падняліся ў вестыбюль, аднак сыходзіць са станцыі хлопец адмовіўся.

Паведамляецца, што юнак стаў супраціўляцца, калі яго спрабавалі адвесці ў пакой міліцыі для разбору. Пры гэтым ён траўмаваў міліцыянта ― закрыты пералом костак носа. Правапарушальніка затрымалі з удзелам супрацоўнікаў службы бяспекі мінскага метрапалітэна і бліжэйшага міліцэйскага нараду. Відэа затрымання трапіла ў сацсеткі і выклікала шмат пытанняў да прафесіяналізму “людзей у форме”.

Кадр з відэа